Мінск 23:08

Лукашэнка адобрыў прапанову Расіі пабудаваць у Беларусі завод па выпуску БПЛА

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

6 сакавіка, Позірк. Расія прапанавала стварыць у Беларусі “завод па вытворчасці беспілотных авіяцыйных сістэм з магутнасцю да 100 тыс. адзінак штогод”, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Адзначаецца, што адпаведная прапанова паступіла 6 сакавіка ў Мінску падчас наведвання Лукашэнкам выставы расійскіх беспілотных авіяцыйных сістэм “Дэманстрацыя рашэнняў галіны БАС”.

З расійскага боку яго суправаджалі намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ Максім Арэшкін, спецпрадстаўнік Уладзіміра Пуціна ў пытаннях лічбавага і тэхналагічнага развіцця Дзмітрый Пяскоў, з “перспектывамі выкарыстання беспілотных сістэм у розных сферах” Лукашэнку азнаёміў генеральны дырэктар ТАА “Транспарт будучыні”, старшыня цэнтра кампетэнцый “Беспілотныя авіяцыйныя сістэмы” Юрый Казарэнка, гаворыцца ў паведамленні.

Паводле слоў Казарэнкі, выкарыстанне БПЛА “у розных сферах” дасць магчымасць атрымаць “дадатковую прыбаўку да ВУП у памеры некалькіх мільярдаў долараў”.

“Мы аблічбавалі параметры Беларусі, разумеем, колькі трэба дронаў і які будзе ўплыў на ВУП. Мы кажам, што на першым этапе 2 тыс. аградронаў дадуць да 1 млрд долараў у ВУП. Гэта і рост ураджайнасці, эканомія — няма страт, калі мы затоптваем пасевы сельгастэхнікай, эканомія на сродках абароны раслін і многае іншае. І гэта аблічбоўка ўсіх палёў. Гэта разумная сельская гаспадарка”, — Казарэнка.

Фінансавы эфект, паводле яго слоў, можна атрымаць пры “выкарыстанні беспілотных авіяцыйных сістэм у лагістыцы, для патрэб маніторынгу ў розных сферах і нават у адукацыйных сферах”.

“Велізарная колькасць запытаў ад розных краін. Давайце гэтыя запыты рэалізоўваць разам”, — прапанаваў Казарэнка. “Гэта мы вывучым прынцыпова, — заявіў Лукашэнка. — Для нас гэта вельмі вялікая перспектыва”.

Як паведамляюць дзяржСМІ, Лукашэнка падтрымаў прапанову РФ наладзіць у Беларусі вытворчасць беспілотнікаў. “Мы гатовыя пабудаваць завод, — сказаў ён. — Гарантуем: так у Расіі вы не пабудуеце, як тут”.

4 сакавіка, звяртаючыся да новапрызначанага намесніка прэм’ер-міністра Віктара Каранкевіча, які курыруе прамысловы сектар, Лукашэнка звярнуў яго ўвагу на рост попыту на БПЛА і боепрыпасы.

24 верасня 2024 года на нарадзе з вайскоўцамі на Абуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне (Брэсцкая вобласць) Лукашэнка заявіў пра неабходнасць рыхтавацца да вайны. Беспілотную авіяцыю пры гэтым ён назваў “сур’ёзнай навінкай”.

29 верасня намеснік дырэктара па вучэбнай працы ДТСААФ Сяргей Петрусёў паведаміў, што ў 2026 годзе ў ДТСААФ (Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту) плануюць рыхтаваць аператараў БПЛА для сілавых структур.

7 кастрычніка на арганізаванай Міністэрствам абароны нарадзе з рэктарамі ўстаноў вышэйшай адукацыі абмяркоўвалася падрыхтоўка аператараў беспілотных лятальных апаратаў, у тым ліку стварэнне спецыялізаванай кафедры ў Ваеннай акадэміі.

15 лістапада начальнік упраўлення прымянення і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў Узброеных сіл Міхаіл Бранскі сцвярджаў, што ў Беларусі “паспяхова вырашылі праблему з ударнымі БПЛА”. Паводле яго слоў, у 2024 годзе Узброеныя сілы “шчыльна працавалі” з прадпрыемствамі Дзяржкамваенпрама, значная колькасць узораў, якія распрацоўваюцца па заказе войска беларускімі прадпрыемствамі, “ужо прынятая на ўзбраенне”.

Паведамлялася, што па выніках праведзеных выпрабаванняў у 2025 годзе УС будуць мець “шырокую лінейку ўдарных беспілотнікаў”: “Чэкан-В” з дальнасцю палёту да 30 кіламетраў, “Міратворац” і іншыя распрацоўкі.

Падзяліцца: