Мінск 23:28

ДПК справаздачыўся аб затрыманні на мяжы з Латвіяй “экстрэміста з Украіны”

Скрыншот: ДПК

6 сакавіка, Позірк. Аб затрыманні на мяжы з Латвіяй “экстрэміста з Украіны” паведаміў 6 сакавіка Дзяржаўны пагранічны камітэт (ДПК).

“У аператыўнікаў Полацкага пагранатрада з’явілася інфармацыя аб падрыхтоўцы парушэння беларускай мяжы. Пасля таго як грамадзянін Украіны пераадолеў латвійскую загароду, вайскоўцы пачалі кантраляванае суправаджэнне парушальніка да месца сустрэчы з яго змоўшчыкам”, — заяўляюць у ДПК.

Адзначаецца, што грамадзянін Украіны і яго “змоўшчык” былі затрыманыя ў вёсцы Яніна Верхнядзвінскага раёна “пры сілавой падтрымцы супрацоўнікаў АМАП УУС Віцебскага аблвыканкама”.

Пазней у Наваполацку (Віцебская вобласць) былі затрыманыя “яшчэ двое памагатых парушальніка”, якія, паводле сцвярджэння ведамства, “дапамагалі яму нелегальна трапіць у Беларусь”.

“Як стала вядома, украінец меў намер ісці ў Расійскую Федэрацыю для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці. Высветлілася, што яму забаронены ўезд у Расію і Беларусь як асобе, якая выношвае намеры па дэстабілізацыі грамадска-палітычнага становішча і арганізацыі ячэек экстрэмісцкіх структур у інтарэсах Украіны”, — заяўляе пагранслужба.

Распачатыя крымінальныя справы за парушэнне мяжы і “арганізацыю незаконнай міграцыі, учыненую групай асоб паводле папярэдняй змовы”, адзначае ДПК.

Затрыманым, як паведамляецца, пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: