Мінск 23:23

Ціханоўская прапанавала ўдзельнікам альянсу “За дэмакратычную Беларусь” падпісаць адзіны мемарандум

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 6 сакавіка ў 20.30.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

6 сакавіка, Позірк. Падпісаць “рымскі мемарандум” прапанавала ўдзельнікам сустрэчы міжпарламенцкага альянсу “За дэмакратычную Беларусь” Святлана Ціханоўская, паведаміў “Позірку” яе галоўны дарадца Франак Вячорка.

З такой ініцыятывай беларускі дэмакратычны лідар звярнулася да ўдзельнікаў альянсу ў выступе 6 сакавіка ў Рыме.

Паводле слоў Вячоркі, згаданы мемарандум — гэта дакумент, у якім “былі б адлюстраваныя адзіныя пазіцыі альянсу “За дэмакратычную Беларусь” і беларускіх дэмакратычных сіл”.

Ціханоўская ў выступе таксама адзначыла, што “будучыня Еўропы і лёс дэмакратыі цяпер вырашаюцца не толькі на полі бою ва Украіне, але і ў Беларусі”, якую “ўзялі ў закладнікі Пуцін і Лукашэнка”.

“Без свабоднай і незалежнай Беларусі будзе пастаянная пагроза вайны — супраць Украіны і Еўропы. Таму, калі мы хочам па-сапраўднаму працяглага міру, дыктатура ў Беларусі павінна быць дэмантаваная. І расійскія войскі павінны быць выведзеныя не толькі з Украіны, але і з Беларусі, уключаючы ядзерную зброю”, — падкрэсліла палітык.

Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў альянсу разглядаць падтрымку дэмакратычнай Беларусі як “інвестыцыі ў мір і бяспеку”, “захоўваць Беларусь у сваім парадку дня”, узаемадзейнічаць з прадстаўнікамі беларускіх дэмсіл, падпісваць з імі пагадненні аб супрацоўніцтве.

Паводле слоў палітыка, сітуацыю ў Беларусі варта абмяркоўваць у нацыянальных заканадаўчых органах дэмакратычных краін, на парламенцкіх асамблеях АБСЕ і Савета Еўропы, у Міжпарламенцкім саюзе, на Парламенцкай канферэнцыі Балтыйскага мора і іншых падобных арганізацыях і форумах.

Дэмлідар заклікала парламентарыяў весці кампанію за вызваленне палітычных зняволеных і анансавала, што наступная, трэцяя, сустрэча альянсу можа прайсці ў Парыжы ўвосень гэтага года сумесна з чарговай Канферэнцыяй беларусаў свету.

Аб стварэнні альянсу “За дэмакратычную Беларусь” аднайменнымі групамі ў парламентах шэрагу дэмакратычных краін было абвешчана ў сакавіку 2023 года. Першая сустрэча прадстаўнікоў альянсу адбылася ў лістападзе таго ж года ў Берліне, другая праходзіць у Рыме 6–7 сакавіка.

Усяго ў альянс уваходзяць прадстаўнікі 22–23 парламентаў (колькасць змяняецца ў залежнасці ад часу правядзення парламенцкіх выбараў у тых ці іншых краінах, пасля якіх фарміраванне альянсаў “За дэмакратычную Беларусь” у нацыянальных парламентах праходзіць з пачатку).

У сустрэчы ў Рыме, акрамя членаў парламентаў нацыянальных краін, прымаюць удзел дэпутаты Еўрапарламента і прадстаўнікі ПАСЕ.

Святлана Ціханоўская наведвае Італію 3–6 сакавіка.

Падзяліцца: