Мінск 23:33

Лукашэнка змяніў парадак будаўніцтва і крэдытавання жылля

6 сакавіка, Позірк. Указы, “накіраваныя на ўдасканаленне падыходаў да парадку будаўніцтва і крэдытавання жылля”, падпісаў 6 сакавіка Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Указ № 95 “Аб дзяржаўнай падтрымцы пры жыллёвым будаўніцтве” прадугледжвае, як заяўляецца, “тры формы” такой падтрымкі. Па-першае, “ільготныя крэдыты на будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у блакіраваных жылых дамах, а таксама на набыццё аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у шматкватэрных або блакіраваных жылых дамах, пабудаваных па дзяржзаказе (21 катэгорыя грамадзян)”, па-другое — аднаразовыя субсідыі на будаўніцтва або набыццё жылля (17 катэгорый грамадзян), па-трэцяе — фінансавая дапамога дзяржавы ў вяртанні запазычанасці па ільготных крэдытах (для шматдзетных і маладых сем’яў, пры нараджэнні дзяцей).

Пры гэтым “асобныя катэгорыі” грамадзян могуць мець права на ўсе формы дзяржаўнай падтрымкі, гаворыцца ў паведамленні.

“Сярод асноўных навацый указа — выключэнне грамадзян з удзелу ў працэсе долевага будаўніцтва і прадастаўленне ільготных крэдытаў толькі на куплю кватэр у шматкватэрных жылых дамах, пабудаваных па дзяржаўным заказе (пры гэтым па індывідуальных жылых дамах захоўваецца крэдытаванне на будаўніцтва і куплю). Акрамя таго, субсідыі на пагашэнне доўгу і працэнтаў па камерцыйных крэдытах на будаўніцтва жылля замяшчаюцца льготнымі крэдытамі”, — адзначае прэс-служба Лукашэнкі.

Удакладняецца, што “ў населеных пунктах з колькасцю да 20 тыс. чалавек ільготныя крэдыты будуць прадастаўляцца для куплі жылля як на першасным рынку (пабудаванага па дзяржаўным заказе), так і на другасным”.

Паведамляецца, што падпісаным у гэты ж дзень указам № 94 “у новай рэдакцыі выкладаецца ўказ ад 8 траўня 2013 года № 215, якім уведзены механізм дзяржаўнага заказу на будаўніцтва жылля”.

Тлумачыцца, што “сутнасць дзяржзаказу заключаецца ў тым, што ўзвядзенне жылых дамоў ажыццяўляецца дзяржзаказчыкамі (УКБ і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі) без прыцягнення грамадзян на этапе будаўніцтва”. “Ільготны крэдыт на будаўніцтва жылога дома прадастаўляецца арганізацыі-заказчыку. Пасля ўводу дома ў эксплуатацыю і заключэння дагавораў куплі-продажу з грамадзянамі запазычанасць па льготных крэдытах пераафармляецца на грамадзян”, — гаворыцца ў рэлізе.

Указ, як заяўляецца, “прадугледжвае магчымасць будаўніцтва ў шматкватэрным жылым доме часткі кватэр па дзяржаўным заказе і часткі кватэр за кошт сродкаў бюджэту для прадастаўлення грамадзянам у якасці арэнднага і сацыяльнага жылля”.

“У ліку навацый таксама продаж жылля, пабудаванага па дзяржзаказе, усім грамадзянам, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (у цяперашні час — толькі для тых, хто мае права на дзяржпадтрымку)”, — адзначаецца ў паведамленні.

Падкрэсліваецца, што “ўсе змены ўступаюць у сілу з 1 чэрвеня 2025 года”. Пры гэтым дзяржпадтрымка па жылых дамах, будаўніцтва якіх пачата да названай даты, “будзе ажыццяўляцца на ранейшых умовах”.

Плошча ўведзенага ў эксплуатацыю жылля для маючых патрэбу ў паляпшэнні ўмоў за чатыры гады паменшылася ў 2,87 раза, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У студзені 2025 года для гэтай катэгорыі грамадзян увялі 71.896 квадратных метраў жылля. За аналагічны перыяд 2021-га — 205.989 кв. м.

З дзяржаўнай падтрымкай для гэтай катэгорыі ўведзена 36.814 кв. м (145.052; у 3,94 раза менш).

На нарадзе з урадам 19 жніўня 2024 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў “справаздачах аналітыкаў” адной з першых прычын адтоку кадраў з невялікіх населеных пунктаў называецца “адсутнасць магчымасці набыць уласнае жыллё ці хаця б засяліцца ў арганізаванае камфортнае і добраўпарадкаванае арэнднае жыллё”.

Нагадаўшы пра сваё даручэнне “комплексна падысці да паляпшэння заканадаўства” ў галіне жыллёвага будаўніцтва, ён канстатаваў, што “статыстыка па ўводу жылля другі год запар адмоўная”.

Заслухоўваючы 15 кастрычніка даклад аб удасканаленні сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, Лукашэнка адзначыў, што “чохам тут працаваць нам нельга”. “Так, мы будзем падтрымліваць тых, хто нараджае дзяцей, асабліва ў якіх пяцёра дзетак і больш (маюцца і такія)”, — падкрэсліў ён.

Паводле яго слоў, у Беларусі дзяржава “аказвае падтрымку шматдзетным па шэрагу напрамкаў”, у тым ліку ў “вырашэнні жыллёвага пытання”.

“Па жыллі мы 100% вырашым пытанне, а гэта — найважнейшае пытанне, — падкрэсліў Лукашэнка. — Мы таксама вырашаем пытанне па сямейным капітале. Прынялі вельмі сур’ёзныя рашэнні. Таму тут нам трэба вельмі акуратна дзейнічаць і глядзець, што нам трэба, што не трэба. А галоўнае — мы можам ці не можам. “Верталётных” грошай быць не павінна. На гэтую праблему я ўжо звяртаў вашу ўвагу не адзін раз, каб не чохам прымаць рашэнні”.

У 2025 годзе ў Беларусі павінна быць пабудавана 4,5 млн квадратных метраў жылля, вынікае з задання ўрада.

Больш за ўсё жылля павінна быць узведзена ў Мінскай вобласці — 1.325 тыс. кв. м (з улікам 18,9 тыс. кв. м, якія будуць пабудаваныя ў гарадах-спадарожніках).

Далей ідуць: Мінск — 710 тыс. кв. м, Брэсцкая вобласць — 625,9 тыс., Гомельская — 565 тыс., Гродзенская — 456,1 тыс., Магілёўская — 418 тыс., Віцебская — 400 тыс.

У 2024 годзе ў краіне павінна было быць пабудавана 4,4 млн кв. м жылля (цяпер запланавана павелічэнне на 2,3%). Паводле даных Белстата, за студзень — снежань мінулага года было ўведзена ў эксплуатацыю 4 млн 390 тыс. 544 кв. м (99,8% плана).

У 2023-м пры заданні ў 4,3 млн кв. м пабудавана 4 млн 195 тыс. 92 кв. м (97,6%), 2022-м — 4,2 млн кв. м і 4 млн. 222 тыс. 619 кв. м адпаведна (100,5%).

Падзяліцца: