Мінск 02:19

АДКБ выказала занепакоенасць у сувязі з магчымым увядзеннем ва Украіну еўрапейскіх міратворцаў

Скрыншот: тэлеграм-канал АДКБ

6 сакавіка, Позірк. У выпадку “ўвядзення вайсковых кантынгентаў еўрапейскіх краін” на тэрыторыю Украіны “ў рэгіёне непазбежна паўстануць новыя рызыкі бяспекі”, заявіла 6 сакавіка прэс-сакратарка Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Наталля Харытонава.

“Гэта не можа не турбаваць асобныя дзяржавы — члены арганізацыі, і саму арганізацыю таксама”, — сказаў яна (па відэафрагменце ў тэлеграм-канале АДКБ).

Паводле слоў Харытонавай, арганізацыя “гатовая прапанаваць розныя варыянты дапамогі той краіне, якая пра такую дапамогу папросіць”. Гэта магчыма “толькі ў поўнай адпаведнасці са статутнымі дакументамі АДКБ і ў адпаведнасці з рашэннямі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ”, адзначыла прэс-сакратар блока.

28 лютага ў Вашынгтоне адбылася публічная пікіроўка прэзідэнтаў Украіны і ЗША Уладзіміра Зяленскага і Дональда Трампа, у ёй таксама ўдзельнічаў амерыканскі віцэ-прэзідэнт Джэймс Дэвід (Джэй Дзі) Вэнс.

Бакі мелі намер падпісаць амерыкана-ўкраінскае пагадненне аб карысных выкапнях. Сустрэча на падвышаных танах завяршылася датэрмінова, пагадненне не было падпісана, украінскі прэзідэнт пакінуў Белы дом.

Пасля гэтага ЗША паменшылі вайсковую падтрымку Украіны ў яе супрацьстаянні расійскай агрэсіі. Разам з тым Вашынгтон і Кіеў вядуць перамовы аб арганізацыі новай сустрэчы для падпісання дагавора аб карысных выкапняў.

На фоне пагаршэння адносін паміж краінамі падтрымку Украіне выказалі многія лідэры еўрапейскіх дзяржаў. Некаторыя з іх, у прыватнасці, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, заяўляюць аб гатоўнасці ўвесці міратворчы кантынгент сваіх краін на ўкраінскую тэрыторыю ў рамках прапанаваных планаў мірнага ўрэгулявання.

Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы — ваенна-палітычны блок, мэтамі якога заяўленыя “ўмацаванне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў-членаў”. У яго ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

Улады Арменіі замарозілі ўдзел краіны ў АДКБ і загаварылі аб магчымым выхадзе з блока. Ерэван абвінаваціў арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту з Азербайджанам, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Баку.

Падзяліцца: