Мінск 08:06

Беларускі моладзевы хаб узначаліў экс-кіраўнік “Белага легіёна”, ранейшае кіраўніцтва заявіла аб “рэйдарскім захопе”

2 жніўня, Позірк. У сераду, 2 жніўня, на старонцы Беларускага моладзевага хаба (БМХ) у “Фэйсбуку” з’явіўся запіс аб спробе “рэйдэрскага захопу”. Сцвярджаецца, што “адбылося ўварванне” ў офіс на плошчы Канстытуцыі ў Варшаве, былі выламаны замкі, спрацавала сігналізацыя. У БМХ змянілася кіраўніцтва, пад кантролем старой каманды засталіся сайт, сацсеткі і электронная пошта.

Калі і для чаго быў створаны БМХ

Беларускі моладзевы хаб як арганізацыя быў створаны ў 2020 годзе ў Варшаве, налета з’явілася аднайменная пляцоўка. Арганізацыя называла сябе суполкай актывістаў, студэнтаў і палітычных бежанцаў, якія вымушана пакінулі Беларусь пасля прэзідэнцкіх выбараў.

На пляцоўцы БМХ праводзяцца культурныя, адукацыйныя і іншыя мерапрыемствы для беларускіх эмігрантаў, рэалізуюцца праекты дапамогі перасяленцам, акцыі салідарнасці з пацярпелымі ад рэпрэсій.

На сайце арганізацыі падкрэсліваецца яе супрацоўніцтва з замежнымі цэнтрамі падтрымкі беларусаў, сярод якіх фонды салідарнасці BySol і By_Help, фонды Linking Media, HumanDoc ды інш.

Сярод апошніх мерапрыемстваў, арганізаваных пры ўдзеле БМХ гэтым летам, — Тыдзень беларускай культуры, этнаграфічная мультымедыйная праграма “Падарожжа па краіне ідыш”, прэзентацыя грамадскіх арганізацый і ініцыятыў для беларусаў Варшавы “Яднайся”.

“Атака супраць найбуйнейшай пляцоўкі беларусаў у Варшаве”

2 жніўня, перад тым як інфармацыя пра тое, што адбываецца вакол хаба, разышлася ў тэлеграм-каналах, да журналістаў ў Варшаве выйшлі сузаснавальнікі БМХ Аляксандр Лапко і Станіслава Гліннік, унучка цяпер нябожчыка былога старшыні Вярхоўнага Савета 12-га склікання Станіслава Шушкевіча.

Лапко, які кіраваў арганізацыяй да апошняга часу, заявіў, што “Беларускі моладзевы хаб сёння пад пагрозай”.

“У ліпені 2023 года пачаліся спробы рэйдарскага захопу БМХ, — зазначыў ён. — На гэты момант [у офісе] выламаны дзверы, зламаны замок, у хаб прыйшлі невядомыя людзі”.

Лапко назваў імёны людзей, якія, на яго думку, “стаяць за гэтай справай”: “Гэта члены назіральнай рады хаба Андрэй Ракевіч і Анастасія Баравікова, якія ў змове з Сяргеем Бульбам у парушэнне статута і рэгламенту БМХ змянілі кіруючыя органы”.

“Спробы ціску з боку Ракевіча і Баравіковай працягваюцца ўжо доўгі час”, — сказала Гліннік.

Паводле яе слоў, з-за Ракевіча апошнім часам хаб пакінулі “многія людзі” і сама актывістка пайшла з БМХ з гэтай жа прычыны.

“Цяпер я разам з камандай, якая стварала гэтую арганізацыю і стаяла за ўсім добрым, што адбывалася на гэтай пляцоўцы… Мы зробім усё, каб спыніць гэты рэйдарскі захоп. Мы разумеем, што здзяйсняецца мэтанакіраваная [атака] супраць найбуйнейшай пляцоўкі беларусаў у Варшаве”, – падкрэсліла Гліннік.

Форум Цапкалы абверг дачыненне да гісторыі з хабам

Паводле сцвярджэння Лапко і Гліннік, змена кіраўніцтва БМХ адбылася незаконна, шляхам падлогу ў дакументацыі.

“Мы дакладна ведаем, што былі падроблены подпісы — мой, Стасі і іншых членаў арганізацыі. [Гэта было зроблена] з мэтай увядзення ў зман польскіх органаў [улады]. Гэтыя [падробленыя] дакументы былі пададзены ў польскі суд”, — сказаў цяпер фармальна ўжо былы кіраўнік хаба.

Ён таксама паведаміў, што ў сувязі з падробкай подпісаў пададзена заява ў паліцыю, якая ўжо “займаецца гэтай справай”. “Разам з польскімі службамі мы будзем сачыць за далейшым лёсам нашай арганізацыі”, — дадаў Лапко.

На думку Гліннік, тое, што адбылося, можа пагражаць бяспецы супрацоўнікаў і наведвальнікаў БМХ.

“Мы заклікаем усіх беларусаў Варшавы трымацца сёння далей ад хаба. Мы не ведаем, да каго могуць патрапіць вашыя [асабістыя] дадзеныя, і папярэджваем: паклапаціцеся пра сваю бяспеку. Мы абавязкова паведамім, калі пляцоўка зноў стане бяспечнай”, — адзначыла сузаснавальніца БМХ.

Гаворачы аб іншых асобах, якія могуць мець дачыненне да “перахопу” ініцыятывы, Лапко звярнуў увагу, што на працягу апошніх гадоў у члены хаба, створанага ў форме асацыяцыі, былі прыняты “зусім невядомыя людзі”, якія “ніколі не працавалі ў арганізацыі” і “маюць дачыненне да Форуму дэмакратычных сіл”.

Форум дэмакратычных сіл Беларусі (ФДС) — апазіцыйная структура, створаная ў 2021 годзе з ініцыятывы былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Валерыя Цапкалы. Сваёй мэтай ФДС дэкларуе “звяржэнне рэжыму Лукашэнкі, вызваленне ўсіх палітвязняў і правядзенне свабодных, дэмакратычных выбараў у Рэспубліцы Беларусь”.

Цяпер 58-гадовы Цапкала — разлютаваны крытык дэмакратычных сіл, аб’яднаных вакол Святланы Ціханоўскай. З выкарыстаннем рэзкай, часта абразлівай лексікі, ён абвінавачвае дэмрух у непразрыстасці дзейнасці, узурпацыі лідарства, часам — практычна прамым тэкстам — у прысваенні донарскіх сродкаў.

Арганізатараў анлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі “Нам не ўсё роўна”, які сабраў больш за 574 тыс. еўра, Цапкала назваў “грантасосамі, якія купаюцца ва ўзаемнай крывадушнасці”.

Форум дэмсіл абверг свой удзел у “захопе” БМХ. “Асобы, якіх ідзе гаворка [у паведамленнях СМІ], бралі ўдзел у мерапрыемствах форуму, але ў верасні 2022 года заявілі аб добраахвотным выхадзе са складу часовай рады”, — гаворыцца ў заяве ініцыятывы.

Бульба: Ніякай сенсацыі тут няма

56-гадовы Сяргей Бульба, пра якога казаў Лапко, з’яўляецца былым кіраўніком “Белага легіёна” — беларускай патрыятычнай арганізацыі, якая дзейнічала ў 1995-2005 гадах з мэтай абароны незалежнасці краіны. Пасля падзей 2020 года ў Беларусі і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ён рэгулярна выступае ў незалежных СМІ з ацэнкай палітычнай сітуацыі ў рэгіёне.

“Позірку” не ўдалося звязацца з Бульбам, у каментары “Радыё Свабода” ён паведаміў, што сапраўды з’яўляецца новым кіраўніком БМХ. На сайце польскага дзяржрэестра юрыдычных і асоб ён пазначаны як старшыня праўлення аб’яднання “Беларускі моладзевы хаб” з 26 ліпеня.

Паводле слоў Бульбы, змены ў арганізацыі адбыліся “ў адпаведнасці з польскім заканадаўствам, таму тут няма ніякай сенсацыі”.

Ён сцвярджае, што прасіў кіраўніка хаба Лапко вырашыць пытанне “па-чалавечы”, без прыцягнення паліцыі, але той нібыта адмовіўся.

“Мы памянялі замкі, бо не дачакаліся ніякай рэакцыі ад Лапко. Я не ўпэўнены, што са старой каманды нехта застанецца пры працы. Па выніках аўдыту да іх будзе пытанняў “вышэй даху”. <…> Зараз хаб стане месцам для усіх беларусаў, а не толькі для абраных сяброў”, — заявіў новы кіраўнік.

Сваё з’яўленне на чале хаба і гісторыю з “падробкай подпісаў” ён не пракаментаваў.

Лапко: Скандал узнік не проста так

У сузаснавальнікаў БМХ няма адназначнай версіі аб прычынах пераходу хаба пад кіраванне іншых асоб.

“Мы думаем, што члены назіральнай рады шукалі магчымасць, можа, прадаць арганізацыю камусьці з людзей, якія займаюцца Беларуссю, — выказала меркаванне ў размове з журналістамі Гліннік. — Я не хачу адразу рабіць міфічныя высновы, што гэта “агентура” і гэтак далей. <…> Маё імя пазначана ва ўсіх дакументах хаба, але ніхто з іх (сяброў назіральнай рады. — “Позірк”.) ні разу не паспрабаваў выйсці са мной на сувязь”.

Лапко лічыць, што “не проста так” скандал вакол моладзевага хаба ўспыхнуў менавіта на гэтым тыдні, калі “Кардынацыйная рада праводзіць справаздачную сесію для прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета, а ў Варшаве хутка пройдзе канферэнцыя “Новая Беларусь”.

Цяпер ужо былы кіраўнік БМХ мяркуе, што ініцыятары “захопу” “хочуць паказаць, што ў дэмакратычных сілах раздрай, яны не здольныя дамовіцца, а могуць толькі нешта ламаць”.

“Насамрэч ніякай крызіснай сітуацыі ў нашай камандзе ніколі не было. Мы працавалі і хацелі працаваць далей. На пачатку ліпеня мы правялі вельмі класны Тыдзень беларускай культуры — уся дыяспара сабралася пад хабам. Але потым пачаліся спробы “рэйдарскага захопу”, — сказаў Лапко.

Пакуль паліцыя Варшавы праводзіць праверку подпісаў пад рашэннем аб змене кіраўніцтва, ранейшая каманда звярнулася па дапамогу да дэмакратычных сіл. Як адзначаецца на старонцы БМХ у “Фэйсбуку”, падтрымка атрымана ад офіса Святланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі і “шэрагу беларускіх НДА”.

Фонды падтрымалі папярэдняе кіраўніцтва

Вечарам 2 жніўня з супольнай заявай выступілі фонды салідарнасці BySol, By_Help, MediaSol. Аўтары падтрымалі папярэдняе кіраўніцтва: “Мы таксама чакаем хуткай рэакцыі польскіх праваахоўных органаў на заяўленні пра парушэнне закону. Мы працягваем супрацу з Алесем Лапко і ягонай камандай і спадзяемся, што застанемся партнёрамі і пасля сканчэння расследвання. <…> Лічым важным ня толькі следванне фармальным праўным працэдурам пры вызначэнні кіраўніцтва арганізацыі, але і недапушчальнасць гвалтоўных паводзін, да якіх безумоўна адносіцца ўзлом замкоў. Агульная скандалізацыя працэсу адразу ставіць пад пытанне і тыя дакументальныя крытэры, на якія спасылаецца бок, які ўвёў змены. Заклікаем усе бакі канфлікта да ўзважанасці і стрыманасці і памятаць, што арганізацыя — гэта перш за ўсё людзі, а не замкі, памяшканні, грошы і статусы”.Да заявы ад імя хаба далучыўся і сам Аляксандр Лапко.

Падзяліцца: