Мінск 23:38

Аператары электрасетак краін Балтыі дамовіліся адключыцца ад энергасістэм Беларусі і РФ у лютым 2025 года

2 жніўня, Позірк. Аператары сістэмы перадачы электраэнергіі краін Балтыі — Litgrid (Літва), AST (Латвія) і Elering (Эстонія) — падпісалі пагадненне, паводле якога адключэнне ад электраколца БРЭЛЛ (злучае іх з сеткамі Беларусі і Расіі) і падключэнне да сетак кантынентальнай Еўропы адбудзецца ў лютым 2025 года. 

Кіраўнік Litgrid Рокас Масюліс 2 жніўня заявіў, што аператары “ўзялі на сябе дакладныя абавязацельствы па выкананні сінхранізацыі ў абумоўлены тэрмін”. 

Улетку 2024 года Літва, Латвія і Эстонія не стануць падаўжаць дагавор аб БРЭЛЛ. 

Паведамляецца, што прэм’ер-міністры трох дзяржаў Балтыі найбліжэйшым часам “выкажуць сваю падтрымку пагадненню аператараў”. 

Дзяржаўны савет абароны (ДСА) Літвы 24 ліпеня даручыў ураду заключыць з Латвіяй і Эстоніяй пісьмовае пагадненне пра сумеснае адлучэнне нацыянальных энергасістэм ад БРЭЛЛ на пачатку 2025 года і сінхранізацыю з сеткай кантынентальнай Еўропы. 

Раней Вільнюс спрабаваў пераканаць Рыгу і Талін адлучыцца ад Беларусі і РФ на пачатку 2024 года. Тыя заяўлялі, што гэта немагчыма, у тым ліку праз эканамічныя выдаткі. 

Сёлета 22 красавіка Літва паспяхова пратэставала працу нацыянальнай энергасістэмы ў адрыве ад сістэм Беларусі і РФ. Упершыню за ўсю гісторыю незалежнасці краіна самастойна кантралявала частату току і рэгулявала вытворчасць электраэнергіі.

Праз развязаную Расіяй вайну супраць Украіны Кіеў радыкальна змяніў планы па адключэнні сваёй энергасістэмы ад Мінска і Масквы.

Украінскія ўлады мелі намер адключыцца ад паралельнай працы з энергасістэмамі Беларусі і РФ і сінхранізавацца з еўрапейскай кантынентальнай сеткай ENTSO-E у 2023 годзе. 23 лютага 2022 года энергасістэма Украіны была ізаляваная ад Беларусі і Расіі — для тэставых выпрабаванняў. Назад яе павінны былі далучыць 27 лютага. Аднак праз напад войскаў РФ Мінэнерга Украіны прыняло рашэнне не вяртаць энергасістэму ў паралельную працу з беларускай і расійскай сеткамі. 

Летась 16 сакавіка ўкраінская энергасістэма цалкам сінхранізавалася з ENTSO-E.

Падзяліцца: