Мінск 18:31

Тэрмінал сыпкіх грузаў Клайпедскага порта аднавіў працу пасля паўтарагадовага прастою праз санкцыі супраць “Беларуськалія”

11 верасня, Позірк. Тэрмінал сыпкіх грузаў ВКТ Клайпедскага порта (Biriu kroviniu terminalas( BKT), 30% акцый якога належыць ААТ “Беларуськалій”, аднавіў працу і пачаў загружаць літоўскае збожжа, паведаміў уладальнік аб’екта Ігар Удавіцкі на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

Тэрмінал спыніў працу ў сакавіку 2022 года з прычыны санкцый, уведзеных супраць беларускага калійнага прадпрыемства.

“Вялікія судны вярнуліся на ВКТ. Мы зноў у справе”, — напісаў Удавіцкі.

Паводле яго слоў, кампанія займаецца перавалкай літоўскага збожжа, а загрузка угнаенняў можа аднавіцца, “калі Еўрапейскі Савет здыме санкцыі з беларускага калію”.

9 сакавіка дзяржаўная кампанія “Літоўскія чыгункі” абвясціла аб скасаванні дамоваў з клайпедскімі кампаніямі Uosto Vartai і BKT праз іх спробы абысці санкцыі.

Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН 5 мая 2023 года заявіў аб неабходнасці зняцця санкцый з беларускіх і расійскіх угнаенняў. Паводле яго слоў, на сустрэчах з расійскім і ўкраінскім прэзідэнтамі ён падымаў пытанне харчовага крызісу, які з прычыны вайны паўстаў у Сенегале, Нігеры і Нігерыі.

Дэмакратычныя сілы Беларусі выступаюць супраць такога рашэння.

22 траўня кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка заявіў, што шэраг краін Еўрапейскага саюза выступае за скасаванне санкцый у дачыненні да беларускага калію, дзейнічаючы тым самым у інтарэсах Бразіліі — асноўнага пакупніка айчынных угнаенняў.

18 ліпеня кіраўнік дырэкцыі Клайпедскага порта Альгіс Латакас заявіў, што тэрмінал гатовы дапамагчы з перавалкай украінскага збожжа, транспарціроўка якога абцяжараная праз выхад Расіі з “Чарнаморскай збожжавай угоды”.

Падзяліцца: