Мінск 02:39

Беларусь збіраецца пастаўляць у Венгрыю зялёны гарошак і насенне гародніны — Мінсельгасхарч

13 верасня, Позірк. Беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімірам Гракуном здзяйсняе візіт у Венгрыю, падчас якога мае намер вывучыць магчымасць экспарту ў гэтую краіну некаторых тавараў.

Як паведамляе прэс-служба ведамства, 13 верасня дэлегацыя наведала Венгерскі дзяржаўны інстытут агародніцтва, дзе былі разгледжаны “пытанні паставак насення агароднінных культур (агурка, тамата, перцу, баклажана) для закрытага грунту і зялёнага гарошку”. Між іншым Венгрыя сама з’яўляецца вядомым экспарцёрам зялёнага гарошку.

27 жніўня кіраўнік Мінсельгасхарча Сяргей Барташ у праграме “Контуры” на тэлеканале АНТ заявіў, што “еўрапейскі вытворца-бізнесмен” гатовы купляць беларускую прадукцыю, “проста палітыка, якая сёння вядзецца, абмяжоўвае”.

“Тое, што ім трэба, мы будзем пастаўляць ім, тое, што нам трэба, яны будуць пастаўляць нам. Крыху больш складана, але гэта — пытанне вырашальнае”, — лічыць чыноўнік.

Праз заходнія санкцыі, названыя Барташам “падзеямі, якія адбываюцца ў свеце”, у працу галіны “нейкія змены давялося ўнесці”. “Але своечасовая пераарыентацыя на іншыя рынкі — азіяцкія, афрыканскія — адыграла сваю ролю. Мы сёння пастаўляем у азіяцкія краіны ўсю прадукцыю. Пастаўляем і на Далёкі Усход, у тым ліку і сырна-малочную прадукцыю. У Венесуэлу ідзе пастаўка, у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты”, — заявіў Барташ.

9 верасня на V Далёкаўсходнім форуме прадпрымальнікаў у Хабараўску пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты паведаміў, што ў сувязі з санкцыямі айчынны экспарт ва Украіну і Еўрасаюз за два гады зменшыўся з 40% да 5% ад агульнага аб’ёму паставак.

Паводле дадзеных Нацыянальнага банка, знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг Беларусі за студзень — ліпень 2023 года склаў 53 млрд 833,2 млн долараў — на 13,4% больш, чым за аналагічны перыяд 2022-га (47 млрд 470,5 млн).

Экспарт склаў 26 млрд 866,4 млн долараў (+6,4%; 25 млрд 259,9 млн), імпарт — 26 млрд 966,8 млн (+21,4%; 22 млрд 210,6 млн).

Адмоўнае сальда за гэты перыяд склала 100,3 млн долараў. Для параўнання: па выніках сямі месяцаў 2022 года сальда было станоўчым — 3 млрд 49,4 млн. Знешнегандлёвы абарот Беларусі па выніках 2023 года павінен скласці 80 млрд долараў, заявіў Круты 12 верасня.

Падзяліцца: