Мінск 22:54

ЕС увёў новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі

3 жніўня, Позірк. Новыя абмежавальныя меры супраць Беларусі прынятыя 3 жніўня “ў паскораным парадку з улікам неадкладнай неабходнасці барацьбы са спробамі абысці санкцыі” адносна некаторых адчувальных тавараў і тэхналогій, паведамляецца на сайце Еўрапейскай камісіі.

Еўракамісія паведаміла, што вітае “прыняцце Саветам далейшых адрасных абмежавальных мер у сувязі з незаконным уварваннем Расіі ва Украіну і ў адказ на ўдзел Беларусі ў гэтай агрэсіі”.

Новыя меры “ствараюць больш шчыльную гарманізацыю санкцый ЕС, скіраваных супраць Расіі і Беларусі, і дапамогуць забяспечыць немагчымасць абыходу Расіяй санкцый праз Беларусь”. Яны “пашыраюць забарону на экспарт у Беларусь шэрагу высокачуллівых тавараў і тэхналогій, якія садзейнічаюць ваенна-тэхнічнаму развіццю” краіны.

Савет ЕС таксама ўвёў дадатковую забарону “на экспарт агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, а таксама тавараў і тэхналогій, прыдатных для выкарыстання ў авіяцыі і касмічнай прамысловасці”. У гэтым плане санкцыі ў дачыненні да Беларусі прыводзяцца ў адпаведнасць з абмежавальнымі мерамі, уведзенымі супраць РФ.

26 ліпеня камітэт пастаянных прадстаўнікоў краін Еўрасаюза ўзгадніў увядзенне новых санкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінска “з прычыны сітуацыі ў краіне і датычнасці Беларусі да расійскай агрэсіі супраць Украіны”.

Раней ЕС увёў шэсць пакетаў санкцый супраць Беларусі, у папярэдні раз — больш за год таму. Дэмакратычныя сілы неаднаразова заклікалі міжнародную супольнасць і заходніх саюзнікаў узмацніць санкцыйны ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі за парушэнне правоў чалавека, здзяйсненне злачынстваў супраць чалавечнасці і саўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Падзяліцца: