be
Arrow
Мінск 20:05

За пераслед “Экадома” Беларусь абмежавалі ў асаблівых правах і прывілеях у рамках Орхускай канвенцыі

2 лютага, BPN. З 1 лютага Беларусь абмежавана ў асаблівых правах і прывілеях у рамках Орхускай канвенцыі, паведаміла дэ-юрэ ліквідаванае ў жніўні 2021 года, але дагэтуль працуючае грамадскае аб’яднанне “Экадом”.

На 7-й сустрэчы бакоў згаданай канвенцыі летась 21 кастрычніка Беларусі было загадана да 1 снежня 2022 года аднавіць рэгістрацыю “Экадома”, аднак гэта не было зроблена. Факт юрыдычнай ліквідацыі аб’яднання быў прызнаны формай пераследу экалагічнай недзяржаўнай арганізацыі за яе дзейнасць.

З прычыны абмежавання ў асобых правах і прывілеях прадстаўнікі Беларусі не могуць быць членамі прэзідыума Орхускай канвенцыі, займаць пасады старшынь яе органаў і праводзіць на сваёй тэрыторыі профільныя экспертныя і міжурадавыя нарады.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якое адказвае за рэалізацыю Орхускай канвенцыі ў Беларусі, летась 24 лістапада заявіла аб намеры дзяржавы выйсці з ліку бакоў гэтага дакумента, калі рашэнне аб прыпыненні яго асаблівых правоў і прывілеяў не будзе адменена да 1 студзеня 2022 года.

У звароце Мінпрыроды да выканаўчага сакратара Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН гаворыцца, што “Беларусь сутыкнулася з беспрэцэдэнтным фактам прадузятых адносін да дзяржавы”. Рашэнне пазбавіць краіну асаблівых правоў і прывілеяў, лічаць у міністэрстве, было прынята “ў выніку спланаванай заходнімі краінамі акцыі па дэманізацыі Беларусі ў міжнародных арганізацыях і пад іх ціскам”.

Афіцыйнай інфармацыі аб выхадзе Беларусі з ліку бакоў канвенцыі няма.

Падзяліцца: