be
Arrow
Мінск 14:52

Мінабароны: Пуцін і Лукашэнка вырашылі працягнуць “праверку сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы”

20 лютага, BPN. У сувязі з “нарастаннем ваеннай актыўнасці ля знешніх граніц Саюзнай дзяржавы” і “абвастрэннем сітуацыі на Данбасе” прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка прынялі рашэнне працягнуць “праверку сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы”, паведаміла прэс-служба Мінабароны Беларусі 20 лютага, у апошні дзень сумесных манеўраў “Саюзная рашучасць — 2022”.

“Падчас яе будуць старанна прапрацаваныя этапы абароны Саюзнай дзяржавы, якія не былі ахопленыя з такой ступенню дэталізацыі вучэбнымі пытаннямі папярэдняга перыяду праверкі. У цэлым яе накіраванасць застанецца нязменнай: яна павінна забяспечыць адэкватнае рэагаванне і дээскалацыю ваенных падрыхтовак нядобразычліўцаў паблізу нашых агульных граніц”, — заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін.

На яго думку, у Еўропе “вельмі моцна запахла порахам”, “яе мэтанакіравана падштурхоўваюць да вайны”.

“Суседнія з намі краіны ў экстраным пазапланавым парадку “напампоўваюцца” самай сучаснай зброяй. Пры гэтым прыярытэт аддаецца сучасным наступальным сродкам, — сказаў Хрэнін. — На тэрыторыі сумежных дзяржаў створаны шматлікія групоўкі войскаў і сіл. У тым ліку — трэціх краін. Павышаны ўзровень гатоўнасці. да прымянення міжвідавых фарміраванняў экстранага рэагавання НАТО з сямі да пяці сутак на выпадак так званай эскалацыі абстаноўкі ва Украіне”.

Акрамя таго, “мадэрнізаваныя аб’екты ваеннай і транспартнай інфраструктуры”, “кратна вырасла колькасць незразумелых для нас вучэнняў і аперацый, што праводзяцца паблізу граніц Саюзнай дзяржавы”. “Відавочная і іх накіраванасць супраць Расіі і Рэспублікі Беларусь”, — сказаў Хрэнін.

На яго думку, у прытомнасць “заходняга абывацеля” трывала ўкаранёна думка аб непазбежнасці вайны з усходнімі суседзямі, “пры гэтым у мілітарысцкіх памкненнях абвінавачваюць Расійскую Федэрацыю і Рэспубліку Беларусь”.

“Захад адмаўляецца ўспрымаць абазначаныя Расіяй “чырвоныя лініі” ў архітэктуры бяспекі Еўропы, якія актуальныя і для беларусаў. Мы бачым, як ідзе адрыньванне асноватворнага прынцыпу непадзельнасці бяспекі. Ва ўмовах дакладна акрэсленых “чырвоных ліній” інтэнсіўна шукаюцца шляхі іх абходу. Вылучаюцца ідэі новых фарматаў. асваення ў ваенных адносінах тэрыторыі Украіны”, — заявіў Хрэнін.

Паводле слоў міністра абароны Украіны Аляксея Рэзнікава, яго беларускі калега 14 лютага па тэлефоне запэўніў, што “ніякіх пагроз з беларускай тэрыторыі для Украіны няма і не будзе”.

Сітуацыя ў рэгіёне гранічна напружана з прычыны асцярог Кіева і краін Захаду, што Расія нападзе на Украіну. Паводле інфармацыі НАТО, РФ сканцэнтравала вакол Украіны каля 150 тыс. вайскоўцаў.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША выказаў асцярогу, што Расія можа выкарыстоўваць войскі, якія размяшчаюцца ў Беларусі, для нападу на Украіну з поўначы. Прадстаўнікі беларускіх і расійскіх уладаў сцвярджаюць, што пасля вучэнняў усе войскі вернуцца ў месцы пастаяннай дыслакацыі, а самі манеўры не ўяўляюць ні для каго пагрозы.

18 лютага прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што Пуцін зацвердзіў рашэнне аб уварванні ва Украіну: “У нас ёсць падставы меркаваць, што расійскія сілы плануюць атакаваць Украіну на наступным тыдні, у бліжэйшыя дні”.

Ён падкрэсліў, што, калі ваенныя дзеянні пачнуцца да 24 лютага, на якое запланаваная сустрэча дзяржсакратара Энтані Блінкена і кіраўніка МЗС РФ Сяргея Лаўрова, “дарога для дыпламатыі будзе закрытая”.

Падзяліцца: