be
Arrow
Мінск 15:39

Нацыянальны алімпійскі камітэт “катэгарычна не згодзен” з рашэннямі МАК аб нядопуску беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах

1 сакавіка, BPN. Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) “катэгарычна не згодны” з рашэннямі выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) аб нядопуску беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах, а таксама з забаронай праводзіць спаборніцтвы ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай 1 сакавіка на сайце арганізацыі.

28 лютага МАК рэкамендаваў не дапускаць расійскіх і беларускіх спартоўцаў і афіцыйных асоб да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах. МАК лічыць гэта неабходным “у мэтах абароны сумленнасці глабальных спартыўных спаборніцтваў і бяспекі ўсіх удзельнікаў”. У выпадках, калі гэта немагчыма, чыноўнікі і спартоўцы — грамадзяне Расіі ці Беларусі “павінны ўспрымацца толькі як нейтральныя спартоўцы ці нейтральныя каманды”. Не дапускаецца выкарыстанне нацыянальных сімвалаў, сцягоў ці гімнаў.

Выканкам МАК пакінуў у сіле настойлівую рэкамендацыю ад 25 лютага не праводзіць ніякіх спартовых мерапрыемстваў у Расіі ці Беларусі.

Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі адзначае, што “прынцып “спорт па-за палітыкай” ужо даўно прымяняецца Міжнародным алімпійскім камітэтам вельмі выбарачна”. “Падтрымліваючы палітычныя рашэнні асобных краін, МАК пазбаўляе многіх спартоўцаў адзінага ў жыцці шанца праявіць сябе”, — упэўненыя ў беларускім алімпійскім камітэце.

НАК лічыць “нелегітымнымі і супярэчнымі міжнароднаму праву” заклікі выканкама МАК адхіліць беларускіх атлетаў ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах, не выкарыстоўваць дзяржсцяг і не выконваць гімн Беларусі.

Беларускія спартоўцы, якія ўдзельнічаюць у міжнародных спаборніцтвах, “ужо сутыкаюцца з пагрозамі і дыскрымінацыяй у свой адрас, у тым ліку падаграванай дзеяннямі МАК”, зазначае Нацыянальны алімпійскі камітэт.

У НАК заявілі, што “Беларусь не парушала алімпійскае перамір’е, беларускія войскі не бяруць удзел у канфлікце на тэрыторыі Украіны”.
Украіна настойвае на адваротным. 27 лютага Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што з тэрыторыі Беларусі без яго загада расійскімі войскамі былі запушчаны дзве ці тры ракеты па пазіцыях ва Украіне.

НАК у заяве падкрэслівае, што выступае і ад імя спартыўнай супольнасці Беларусі, аднак яго пазіцыю падзяляюць не ўсе спартоўцы.
Кіраўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандра Герасіменя падтрымала ўкраінскі народ і заклікала спартоўцаў сказаць “не вайне”.

Салідарнасць з украінскім народам і абурэнне ўдзелам Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны выказалі беларускія лёгкаатлеты Крысціна Ціманоўская, Андрэй Краўчанка, Надзея Астапчук, гулец гандбольнай зборнай Мікіта Вайлупаў, футбалісты Мікалай Сігневіч (“Апалон”, Кіпр), Раман Волкаў (“Дняпро”) Уладзіслаў Глінскі (“Віцебск”), Аляксандр Кротаў (“Нафтан”), Дзмітрый Гірс (“Энергетык-БДУ”), старшы трэнер зборнай Беларусі па фехтаванні Аляксандр Мікалайчук, дзюдаіст Дзмітрый Шаршань, баскетбалістка Алена Леўчанка і інш.

Падзяліцца: