be
Arrow
Мінск 05:32

Спецпрадстаўнік ЗША па Беларусі на завяршэнне кадэнцыі заклікала беларускія ўлады вызваліць палітвязняў і распачаць дыялог з грамадствам

9 чэрвеня, BPN. Спецыяльны прадстаўнік ЗША па Беларусі Джулі Фішар заклікала ўлады ў Мінску вызваліць палітычных зняволеных і распачаць дыялог з грамадствам. Пра гэта гаворыцца ў адкрытым лісце беларускаму народу ў сувязі са сканчэннем у чэрвені 2022 года яе кадэнцыі.

“З 2020 года вы, народ Беларусі, ясна далі зразумець, што менавіта вы павінны вызначаць будучыню краіны, — гаворыцца ў дакуменце. — Я хацела б выказаць нязменнае захапленне вашай сілай і рашучасцю настойваць на тым, каб вашы правы паважалі, а вашы галасы былі пачутыя. Я хацела б вас запэўніць, што наша прыхільнасць падтрымліваць вас на гэтым шляху адлюстроўвае непахісны кансэнсус Злучаных Штатаў”.

Фішар адзначыла, што для яе “было гонарам” быць разам з беларусамі з таго часу, як Сенат у снежні 2020 года “зацвердзіў пасла ЗША ў Беларусі ўпершыню за больш чым дзесяць гадоў”. Аднак ЗША “не маглі захоўваць маўчанне пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года і жорсткасці рэпрэсій рэжыму ўладаў”, таму “нядзіва, што Аляксандр Лукашэнка адклікаў згоду на прыезд амерыканскага пасла”.

У сувязі з гэтым, адзначыла спецпрадстаўнік ЗША, яна была вымушаная працаваць у Вільнюсе. Прыкладам паспяховай сумеснай працы з пасольствам ЗША ў Мінску Фішар назвала “ўзмацненне каардынацыі з еўрапейскімі саюзнікамі і партнёрамі ў прыцягненні беларускага рэжыму да адказнасці за парушэнні правоў чалавека і саўдзел ва ўварванні Расіі ва Украіну”.

“Нягледзячы на шматлікія спробы збіць нас і адвесці ў бок ад гэтых намаганняў, мы па-ранейшаму поўныя рашучасці, — падкрэсліла дыпламат. — Мы працягваем заклікаць рэжым безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, спыніць рэпрэсіі і неправамернае абыходжанне з грамадзянамі і арганізацыямі, а таксама заклікаем да змястоўнага нацыянальнага дыялогу з усімі элементамі беларускага грамадства, у тым ліку тымі, хто знаходзіцца ў выгнанні. Такі дыялог прывядзе да новых выбараў пад міжнародным назіраннем”.

Яна “з нецярпеннем чакае, калі свабодная, квітнеючая і дэмакратычная Беларусь будзе жыць у міры са сваімі суседзямі”. Свой ліст Фішар завяршыла словамі: “Жыве Беларусь”.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падзякавала амерыканскаму дыпламату за працу, адзначыўшы, што тая “па-сапраўднаму разумее і падзяляе пачуцці беларусаў”.

“Спадарыня Фішар сустракалася з сем’ямі палітвязняў, дапамагала нам наладжваць згубленыя рэжымам кантакты, выступала за тое, каб Еўропа і Амерыка былі адзіныя ў пазіцыі па Беларусі. Дзякуючы ёй, у нас з’явіліся доўгатэрміновыя і ўстойлівыя адносіны з урадам і Кангрэсам ЗША”, — напісала Ціханоўская.

Палітык адзначыла, што яе офіс ужо на сувязі з часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Рубэнам Аруцюнянам і працягне працу з ім.

Падзяліцца: