be
Arrow
Мінск 02:44

Ініцыятыва па перасылцы карэспандэнцыі палітвязням “Письма в клеточку” спыніла сваю дзейнасць

5 верасня, BPN. Ініцыятыва па перасылцы карэспандэнцыі палітвязням “Письма в клеточку” спыніла сваю дзейнасць.

“Апошні час, ужо больш за паўгода, мы не атрымліваем адказаў. Наогул, — паведамляецца ў тэлеграм-канале ініцыятывы. — Гэта вельмі засмучае і ставіць пад сумненне сэнс і карыснасць нашай працы. У тых, хто выходзіць на волю, мы цікавімся — ці атрымлівалі яны нашыя лісты. І даволі часта аказваецца, што не атрымлівалі. Нам вельмі не хочацца проста спансаваць “Белпошту” і выкідваць у сметніцу тысячы канвертаў і лістоў, а таксама марнаваць грошы людзей і час валанцёраў”.

Каманда праекта таксама звярнула ўвагу, што ініцыятыва пачыналася, калі палітвязняў было каля 200, а цяпер іх больш за 1.300. Пры гэтым “валанцёраў у Беларусі ўсё менш”, а “рэсурсаў на аператыўную апрацоўку лістоў і менеджмент задач, якія шырацца”, не хапае.

Сабраныя на гэты час сродкі плануецца патраціць на адпраўку наяўных лістоў, аплату базы даных, а рэшта будзе пераведзеная іншым ініцыятывам.

Валанцёры “Письма в клеточку” працавалі паўтара года, атрымалі і адправілі каля 18.000 лістоў палітвязням. “Дзякуй усім, хто нас падтрымліваў і пісаў лісты. Дзякуй усім, хто данаціў. Працягвайце гэта рабіць праз іншыя рэсурсы, пісаць асабіста, адпраўляць паштоўкі, тэлеграмы, гэта вельмі важна для палітвязняў! Кожны з лістоў, які прарваўся, — вялікая радасць і прамень цяпла і свабоды”, — адзначылі ў ініцыятыве.

Пісаць лісты беларускім палітвязням па-ранейшаму можна з дапамогай сэрвісу “Письмо.бел”, ініцыятывы “Майстэрня паштовак салідарнасці”.

Інфармацыя пра палітвязняў і іх актуальныя адрасы апублікаваныя на сайтах праваабарончага цэнтру “Вясна”, праваабарончай ініцыятывы Dissidentby і інш.

Падзяліцца: