be
Arrow
Мінск 00:30

Міністэрства аховы здароўя прыпыніла працу медцэнтра “Мерсі”, пабудаванага пры падтрымцы Сусветнага банка на пачатку мінулага года

16 верасня, BPN. На пасяджэнні лячэбна-кантрольнага савета Міністэрства аховы здароўя 15 верасня прынята рашэнне прыпыніць з 26 верасня медыцынскую дзейнасць ТАА “Клініка “Мерсі”, паведамляе прэс-служба ведамства.

Клініка закрыецца да ўстаранення выяўленых камісіяй Міністэрства аховы здароўя парушэнняў, сярод якіх адсутнасць меддакументацыі, дагавораў на тэхнічнае абслугоўванне медтэхнікі; выкарыстанне незарэгістраванай медыцынскай тэхнікі; факты невыканання клінічных пратаколаў дыягностыкі і лячэння; парушэнні ў правядзенні медаглядаў, у арганізацыі і аказанні неадкладнай меддапамогі; неналежнае захоўванне лекаў.

Міністэрства аховы здароўя зазначае, што названыя парушэнні “могуць пацягнуць прычыненне шкоды дзяржаўным або грамадскім інтарэсам, жыццю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзян або стварыць пагрозу прычынення такой шкоды”.

Медцэнтр адкрыўся 28 студзеня 2021 года ў пяціпавярховым будынку на плошчы 5.000 квадратных метраў у раёне парка Перамогі ў Мінску. Канцэпцыя клінікі — сямейны медыцынскі цэнтр. Тут прадастаўляецца поўны комплекс медыцынскіх паслуг, выкарыстоўваюцца МРТ, КТ, рэнтгенаўскія, ультрагукавыя і эндаскапічныя апараты. Выконваліся таксама ПЦР-даследаванні на ковід, якія Міністэрства аховы здароўя забараніла праводзіць прыватным медцэнтрам з траўня 2022 года.

Будаўніцтва фінансавалася ў тым ліку ў рамках сумеснай праграмы Банка развіцця і Сусветнага банка “Пашырэнне доступу да фінансавання мікра-, малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь” пры ўдзеле “Белаграпрамбанка”.

У другой палове 2020 года, пасля прэзідэнцкіх выбараў і распачатых рэпрэсій, Сусветны банк прыпыніў супрацоўніцтва з Беларуссю ў выглядзе выдзялення новых крэдытаў або інвестыцый. 2 сакавіка гэтага года група СБ заявіла аб прыпыненні фінансавання ўсіх сумесных з Беларуссю і Расіяй праграм у сувязі з ваенным уварваннем ва Украіну.

Беларускі расследвальніцкі цэнтр (БРЦ) прыйшоў да высновы, што некаторы час “Мерсі” быў адзінай медустановай Беларусі, дзе было магчыма паставіць імпартны пратэз пры пратэзаванні тазасцегнавага сустава.

Такую прэферэнцыю БРЦ звязвае са складам заснавальнікаў і іх знаёмствам з набліжанымі да Аляксандра Лукашэнкі бізнесменамі і яго старэйшым сынам Віктарам Лукашэнкам.

У “Мерсі” чатыры саўладальнікі з роўнымі долямі: Максім Тураў, Людміла Неронская, Наталля Караткевіч і кампанія “Грузавая служба”.

За апошнія некалькі месяцаў Міністэрства аховы здароўя прыпыняла працу не менш як пяці прыватных медцэнтраў. Ужо месяц не працуюць прыватныя медцэнтры “Тры дантысты плюс” і “Нардзін”.

У траўні Міністэрства аховы здароўя прыпыніла дзеянне ліцэнзій двух прыватных медцэнтраў — ТАА “ЛОДЭ” і ТАА “Клініка А1”. Праз месяц, 16 чэрвеня, “ЛОДЭ” аднавіў аказанне медыцынскіх паслуг. “Клініка А1” знаходзіцца ў стадыі закрыцця.

Медцэнтры прыпынялі працу, бо там нібыта былі выяўлены факты парушэння заканадаўства аб ахове здароўя, аб санітарна-эпідэмічным дабрабыце, аб ліцэнзаванні.

У інтэрв’ю газеце адміністрацыі прэзідэнта “СБ. Беларусь сегодня” міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў, што прыпыненне дзеяння ліцэнзіі “ідзе бізнесу толькі на карысць”.

Падзяліцца: