Галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына: Я працягну працаваць журналістам у любых умовах, краты мяне не спыняць
6 кастрычніка, BPN. 6 кастрычніка Мінскі абласны суд, роўна праз чатыры месяцы пасля пачатку працэсу, вынес прыгавор па “справе БелаПАН”.
Суддзя Вячаслаў Тулейка, унесены ў санкцыйныя спісы заходніх краін, прызначыў 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму дырэктару — галоўнаму рэдактару інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыне Леўшынай, 6 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму — яе папярэдніку на пасадзе дырэктара Дзмітрыю Наважылаву, 14 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму — былому намесніку дырэктара Андрэю Аляксандраву, 9 гадоў у калоніі агульнага рэжыму — яго жонцы Ірыне Злобінай.
Усіх чацвярых беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі.
Яны абвінавачваліся ў стварэнні “экстрэмісцкага фармавання” (Аляксандраў, Леўшына, Наважылаў), “здрадзе дзяржаве” (Аляксандраў, Злобіна), нявыплаце падаткаў (Аляксандраў, Наважылаў), падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках (Аляксандраў, Злобіна), якія аплачвалі штрафы ўдзельнікам пратэстаў ).
У распараджэнні BPN ёсць копія ліста, адпраўленага Ірынай Леўшынай калегам, з апошнім словам, якое яна збіралася зачытаць на працэсе:
“Найперш хачу падзякаваць свайму абаронцу, які аргументаваў маю невінаватасць з юрыдычнага пункту гледжання. Я ж хачу выказаць сваё чыста чалавечае стаўленне да таго, што адбываецца.
Ужо больш за год я жыву ў следчым ізалятары. Ужо больш за год я назіраю, як рэдакцыю, у якой я прапрацавала амаль 30 гадоў, спрабуюць выставіць экстрэмісцкім фармаваннем, а мяне — яго стваральнікам і кіраўніком. Гэта поўнае трызненне, але гэта не дзіўна.
За апошнія паўтара года ў Беларусі знішчаны дзясяткі сродкаў масавай інфармацыі, сотні журналістаў пазбавіліся працы або вымушаны былі з’ехаць з краіны, баючыся крымінальнага пераследу.
Зачысткі на інфармацыйным полі беспрэцэдэнтныя і неймаверныя для цывілізаванай дзяржавы ў XXI стагоддзі. Нехта відавочна пераблытаў прычынна-выніковыя сувязі, вырашыўшы зрабіць журналістаў адказнымі за падзеі, якія адбыліся ў нашай краіне ў 20-м годзе.
Вось толькі мы ні да чаго не заклікалі, мы нічога не скажалі і не выдумлялі — рэальнасць была круцейшай за любую выдумку. Упершыню за ўсе гады маёй працы нашыя журналісты вымушаныя былі працаваць у бронекамізэльках — таму што ў іх прыцэльна стралялі гумовымі кулямі і кідалі светлашумавыя гранаты, гэтаму ёсць дакументальныя пацверджанні.
Мы асвятлялі ўсё, што адбывалася на вуліцах нашых гарадоў, прычым асвятлялі аб’ектыўна — расказвалі як пра збіццё мірных дэманстрантаў, так і пра траўміраваных сілавікоў, як пра шматтысячныя мітынгі Святланы Ціханоўскай, так і пра шматлікія публічныя выступленні Лукашэнкі.
Мне ставіцца ў віну публікацыя на сайтах БелаПАН артыкулаў аўтараў, чые меркаванні не адпавядалі афіцыйным устаноўкам. Але хачу звярнуць вашу ўвагу на тое, што згодна з законам Рэспублікі Беларусь аб СМІ разнастайнасць меркаванняў — гэта адзін з асноўных прынцыпаў дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі. Цытую арт. 4 закона: “Сродкі масавай інфармацыі забяспечваюць свабоднае выказванне і распаўсюджванне меркаванняў і поглядаў у грамадстве”, цэнзура СМІ з боку дзяржорганаў не дапускаецца.
Ва ўсім свеце прэсу называюць “чацвёртай уладай”, таму што яна дапамагае выяўляць праблемы і слабыя месцы ў грамадстве, а значыць — садзейнічае іх вырашэнню і ў выніку робіць жыццё людзей лепшым.
Але ў Беларусі, мяркуючы па ўсім, з журналістаў вырашылі зрабіць абслуговы персанал. Струмень дэзінфармацыі, нянавісці, абраз, нізкапробнага падхалімажа, які льецца сёння з дзяржаўных тэлеканалаў і друкаваных СМІ, зашкальвае і не вытрымлівае ніякай крытыкі.
Раю праваахоўнікам паглядзець хаця б аўтарскую перадачу таго ж Рыгора Азаронка — там па кожным выпуску можна заводзіць справы адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: за паклёп, абразу, распальванне нянавісці.
Але не. У турмах сядзяць дзясяткі журналістаў менавіта недзяржаўных СМІ. Як быццам праўда бывае дзяржаўнай ці недзяржаўнай. Праўда — яна адна.
Я не прашу суд аб паблажлівасці, яна мне не патрэбна. Бо я лічу сябе невінаватай. Я ганаруся тым, што столькі гадоў працавала ў крутой камандзе журналістаў і была іх галоўным рэдактарам. Я ганаруся тым, што тут і цяпер знаходжуся са сваімі так званымі саўдзельнікамі — сумленнымі, годнымі, разумнымі людзьмі: Андрэем Аляксандравым, Дзімам Наважылавым, Ірай Злобінай.
Яшчэ частку маіх калегаў вы маглі бачыць у судовым працэсе, яны выступалі ў якасці сведкаў. Яны былі падобныя да злачынцаў? Усе яны заяўлялі, што БелаПАН — гэта калектыў журналістаў, а не экстрэмістаў. Верыць ці не — гэта сфера вашай адказнасці, службовай і чалавечай.
Пра час, у які мы жывем, прынята казаць: лес сякуць — трэскі ляцяць. Толькі мы не трэскі, мы жывыя людзі. Заклікаю вас задумацца над гэтым. А БелаПАН — ён вернецца ў Беларусь. Як і іншыя разгромленыя прафесійныя СМІ. Перыяд цемрашальства пройдзе, як праходзіць усё благое.
Хваля барацьбы з іншадумствам схлыне, таму што ніхто не мае права прымусіць мільёны людзей скакаць пад адну дудку, нават з дапамогай дубін ГУБАЗ і сфабрыкаваных крымінальных спраў.
Запыт грамадства на годнае, бяспечнае жыццё, як і на якасную прафесійную журналістыку, быў, ёсць і будзе.
Дзяржабвінаваўца прапануе мне пажыць яшчэ некалькі гадоў у турме. Ну ок 🙂 Сёння там можна сустрэць мноства найдастойнейшых людзей: журналістаў, сацыёлагаў, філосафаў, праваабаронцаў, лекараў, настаўнікаў, банкіраў, адвакатаў, былых следчых і нават пракурораў. А, скажам так, традыцыйныя крымінальнікі, гледзячы на нас, пачынаюць чытаць Салжаніцына і цікавіцца тэмай сталінскіх рэпрэсій. Вельмі своечасова і правільна, я лічу. Так што, па сутнасці, я працягну працаваць журналістам: распаўсюджваць інфармацыю вусна. У любых умовах. Краты мяне не спыняць, гэта дакладна. Як і маіх калег”.
Падводзячы вынік, хачу сказаць: усё, што тут адбываецца, — гэта расправа з БелаПАН за сумленную журналістыку, якая ў момант гістарычных перамен у нашай краіне раптам прыйшлася некаму не да спадобы”.
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, ЭканомікаНа фоне санкцый улады маюць намер "пераарыентаваць бізнес на працу з айчынным сэканд-хэндам" — дакументМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаЛітва зафіксавала рэкордную за апошнія восем тыдняў колькасць спробаў парушэння мяжы з беларускага бокуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАмаль чвэрць мільёна беларусаў звярнуліся па дазвол на знаходжанне ў ПольшчыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАмаль чвэрць мільёна беларусаў звярнуліся па дазвол на знаходжанне ў Польшчы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства