be
Arrow
Мінск 19:53

Нацбанк выключае еўра з кошыка замежных валют

8 снежня, BPN. Праўленне Нацыянальнага банка прыняло рашэнне аб выключэнні з 12 снежня еўра з кошыка замежных валют, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы рэгулятара 8 снежня.

Таксама ўсталяваны “вагі валют пры разліку кошту кошыка на наступных узроўнях”: для расійскага рубля — 60%, долара — 30%, кітайскага юаня — 10%.

У абгрунтаванні прынятага рашэння гаворыцца, што ў 2022 годзе “назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння аб’ёмаў знешняга гандлю Рэспублікі Беларусь з краінамі ЕАЭС, перш за ўсё Расійскай Федэрацыяй, а таксама Кітайскай Народнай Рэспублікай”.

Адначасова адбываецца “пашырэнне выкарыстання нацыянальных валют гандлёвых партнёраў пры ажыццяўленні знешнеэканамічных плацяжоў”, што на фоне скарачэння тавараабароту з краінамі Еўрасаюза прывяло да змяншэння разлікаў у еўра.

У Нацбанку падкрэслілі, што правядзенне таргоў адзінай еўрапейскай валютай на Беларускай валютна-фондавай біржы працягнецца, а афіцыйны курс беларускага рубля да еўра “будзе ўстанаўлівацца на падставе інфармацыі аб крос-курсе еўра да долара ЗША на міжнародных фінансавых рынках”.

15 ліпеня Нацбанк уключыў у кошык замежных валют кітайскі юань, вызначыўшы долю чатырох замежных валют наступным чынам: расійскі рубель — 50%, долар ЗША — 30%, еўра — 10%, кітайскі юань — 10%.

Падзяліцца: