be
Arrow
Мінск 19:13

Выйшла на волю былая журналістка “Народнай Волі” палітзняволеная Вольга Класкоўская

14 снежня, BPN. Былая журналістка “Народнай Волі” палітзняволеная Вольга Класкоўская адбыла тэрмін пакарання і 14 снежня выйшла на волю з гомельскай жаночай калоніі, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Вольга Класкоўская была асуджаная на 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і ч. 2 арт. 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэкса ў снежні 2020 года. Яе абвінавацілі ў перакрыцці руху транспарту на скрыжаванні праспекта Ракасоўскага і вуліцы Пляханава ў Мінску ўвечары 13 кастрычніка.

У студзені 2022 года яе прызналі вінаватай паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) — за каментарый у сацыяльных сетках на адрас брэсцкага міліцыянера — і прыгаварылі да 1,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Шляхам складання тэрмінаў ёй прызначылі канчатковае пакаранне ў выглядзе 2,5 года калоніі.

У зняволенні Класкоўскую неаднаразова змяшчалі ў карцар і памяшканне камернага тыпу.

Падзяліцца: