be
Arrow
Мінск 15:13

Дзяржпагранкамітэт: З лютага ў Беларусь прыбыла амаль 75,5 тыс. грамадзян Украіны

6 студзеня, BPN. З 30 снежня па 6 студзеня ў Беларусь прыбыла 1.052 грамадзяніны Украіны (тыднем раней — 1.720, двума тыднямі раней — 1.777), сведчаць звесткі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Усяго з 24 лютага ў Беларусь уехала 75.484 украінцы: праз украінска-беларускую мяжу — 15.890 (за апошнія тры тыдні не было новых пераходаў), транзітам праз Польшчу — 47.103 (+782), Літву — 10.296 (+226), Латвію — 2.195 (+44).

Паводле інфармацыі ААН на 27 снежня, з пачатку поўнамаштабнай вайны 24 лютага Украіну пакінула 17,14 млн чалавек, з іх 9,18 млн вярнулася назад.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў “спецыяльнай ваеннай аперацыі” ва Украіне, усяляк падтрымліваючы Расію, але “нікога не забіваючы”. Гэтым тэрмінам расійскае, а ўслед за ім і беларускае кіраўніцтва называюць поўнамаштабную вайну супраць украінскага народа, якую РФ пачала 24 лютага. Разам з тым часам Лукашэнка наўпрост называе развязаны Расіяй канфлікт вайной.

Улады ў Мінску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяннях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней актыўна выкарыстоўвалася расійскай арміяй для нанясення ўдараў па Украіне.

Падзяліцца: