be
Arrow
Мінск 16:30

Савет Рэспублікі дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “ДНР” і “ЛНР”

8 студзеня, BPN. Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “ДНР” і “ЛНР”.

6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз “Член Савета Рэспублікі Д.Баскаў аказаў падтрымку дзецям Данецкай і Луганскай рэспублік”.

У паведамленні гаворыцца, што Дзмітрый Баскаў “узяў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая па арганізацыі знаходжання школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Мінску ў перыяд зімовых школьных канікулаў”. “У рамках дабрачыннай паездкі каля 50 дзяцей з ДНР і ЛНР прыбылі ў Мінск”, — зазначаецца ў рэлізе.

Паводле інфармацыі СР НС, да акцыі далучыліся хакейны клуб “Дынама” (Мінск) і федэрацыя хакея.

Баскаў — трэнер хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі і яго малодшага сына Мікалая, у 2020-21 гадах узначальваў федэрацыю па гэтым відзе спорту.

Аляксей Талай — актыўны прыхільнік Лукашэнкі, падтрымлівае сепаратысцкія ўтварэнні “ДНР” і “ЛНР”.

Афіцыйны Мінск дэ-юрэ не прызнаў незалежнасць “ДНР” і “ЛНР”, роўна як і абвешчанае Расіяй іх далучэнне пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны.

Летась увосень Лукашэнка дэ-факта прызнаў незалежнасць Абхазіі, наведаўшы яе без дазволу ўладаў Грузіі.

Падзяліцца: