be
Arrow
Мінск 22:37

Бундэстаг абмяркуе заяву фракцыі ХДС аб “вяртанні Беларусі ў сям’ю еўрапейскіх народаў”

23 студзеня, BPN. Нямецкі парламент на пленарным пасяджэнні 25 студзеня абмяркуе заяву апазіцыйнай фракцыі хрысціянскіх дэмакратаў (ХДС/ХСС) “Вярнуць Беларусь у сям’ю еўрапейскіх народаў — падтрымаць імкненне людзей да свабоды”.

Як паведаміла прэс-служба бундэстага, на гэты пункт парадку дня адведзена 45 хвілін пасля чаго дакумент будзе адпраўлены для далейшай прапрацоўкі ў парламенцкі камітэт па замежных справах.

Як паведамляў BPN, у той жа дзень камітэт бундэстага па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе заслухае справаздачу ўрада Германіі аб становішчы палітвязняў і нацыянальных меншасцяў у Беларусі.

20 студзеня нямецкі парламент на працягу 40 хвілін абмяркоўваў справаздачу ўрада аб палітыцы ў сферы правоў чалавека. Дакумент рыхтуецца па рашэнні бундэстага кожныя два гады, пачынаючы з 1991-га. Цяперашняя справаздача ахоплівае перыяд з 1 кастрычніка 2020 года па 30 верасня 2022 года.

У частцы справаздачы, якая датычыцца Беларусі, гаворыцца, што, “нягледзячы на шматразова пацверджаныя абвінавачванні ў катаваннях і жорсткім абыходжанні, сярод супрацоўнікаў сіл бяспекі пануе культура беспакаранасці”.

Падкрэсліваецца, што беларускія ўлады праводзяць сістэмную кампанію супраць праваабарончых арганізацый, незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных груп. Хвалям рэпрэсій, пераследам і прыгнёту садзейнічае сістэматычнае ўзмацненне жорсткасці закона. Свабода меркаванняў, СМІ, аб’яднанняў масава парушаецца. Колькасць палітвязняў, паводле звестак праваабаронцаў, на момант падрыхтоўкі дакладу перавысіла 1.200 (цяпер 1.438). “Лічбавыя каналы сувязі падлягаюць дзяржаўнаму нагляду і цэнзуры”, — канстатуецца ў дакуменце.

Акрамя таго, “беларускі рэжым нясе адказнасць за мэтанакіраваную эксплуатацыю і незаконную перакідку бежанцаў і мігрантаў праз знешнія межы ЕС”.

Урад Германіі нагадвае, што Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе, дзе прымяняецца смяронае пакаранне. Рашэнні Савета ААН па правах чалавека ўладамі ў Мінску адхіляюцца, рэкамендацыі ўпаўнаважанага па правах чалавека не выконваюцца, мандат спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі не прызнаецца.

У лютым 2021 года кабінет паведаміў аб пачатку рэалізацыі знешнепалітычным ведамствам Германіі “Плана дзеянняў для грамадзянскай супольнасці Беларусі” з бюджэтам да 21 млн еўра. План закліканы падтрымаць ахвяр дзяржаўнага гвалту, студэнтаў, аспірантаў і даследчыкаў, аблегчыць уезд у Германію пераследуемых з палітычных матываў. Дакумент закліканы садзейнічаць працы незалежных СМІ і праектаў грамадзянскай супольнасці ў рамках праграмы “Пашырэнне супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю ў краінах Усходняга партнёрства і Расіі”.

Яшчэ адным кампанентам плана дзеянняў з’яўляецца Міжнародная платформа падсправаздачнасці па Беларусі — кааліцыя няўрадавых арганізацый, якія збіраюць, правяраюць і захоўваюць доказы грубых парушэнняў правоў чалавека, “меркавана здзейсненых беларускімі ўладамі і іншымі асобамі”, да і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Стварэнне платформы ініцыявалі Германія, Данія, Вялікабрытанія і іх міжнародныя партнёры (усяго 19 краін) у сакавіку 2021 года.

“Гэта павінна дазволіць у будучыні прыцягнуць да адказнасці за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі”, — зазначаецца ў справаздачы ўрада ФРГ аб палітыцы ў сферы правоў чалавека. Як указана ў дакуменце, сабрана, прааналізавана і абагульнена больш за 20 тыс. дакументаў, уключаючы паказанні пацярпелых і сведкаў, а таксама 500 тыс. адзінак інфармацыі з адкрытых крыніц.

Адзначаецца таксама, што праца над праектамі ў Беларусі сур’ёзна абмежавана праз ліквідацыю арганізацый грамадзянскай супольнасці, бюракратычныя абмежаванні і пераслед незалежных партнёраў праектаў.

Пасля абмеркавання парламент накіраваў урадавую справаздачу на дапрацоўку ў камітэт па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе.

Падзяліцца: