be
Arrow
Мінск 15:30

МАК пацвердзіў санкцыі супраць Беларусі і РФ, атлетаў дапусцяць да спаборніцтваў пры пэўных умовах

26 студзеня, BPN. Выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) 25 студзеня пацвердзіў санкцыі ў дачыненні да Беларусі і Расіі, уведзеныя раней праз вайну супраць Украіны.

У заяве МАК нагадваецца, што “сцягі, гімны, колеры або любыя іншыя апазнавальныя знакі гэтых краін не вывешваюцца ні на адным спартыўным мерапрыемстве або сходзе”.

Чыноўнікі Беларусі і РФ “не павінны запрашацца на хаця б якія міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы або сустрэчы”.

Выканкам МАК лічыць, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі з-за яго пашпарта”. Разам з тым беларусам і расіянам пакуль што можна выступаць толькі пры пэўных умовах: яны мусяць быць у нейтральным статусе, нават калі не падтрымліваюць вайну ва Украіне.

У заяве пазначана, што рашэнне па кожным спартоўцу трэба прымаць у індывідуальным парадку.

МАК выказаў салідарнасць з украінскімі спартоўцамі і ўкраінскай алімпійскай супольнасцю.

28 лютага 2022 года, праз чатыры дні пасля поўнамаштабнага ўварвання расійскай арміі на тэрыторыю Украіны, МАК заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання. Пасля некаторыя федэрацыі далі зразумець, што адзіным спосабам для Мінска і Масквы вярнуцца ў спорт стане вывад расійскіх войскаў з Украіны.

У ліпені стала вядома, што ў сувязі з санкцыямі, уведзенымі праз напад Расіі на Украіну і ролю Беларусі ў ваеннай агрэсіі, беларускія і расійскія спартоўцы рызыкуюць прапусціць XXXIII летнія Алімпійскія гульні (пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 года).

Адборачныя спаборніцтвы за пуцёўкі на АІ-2024 ужо пачаліся. У праграму ўключаны 32 віды спорту. Чакаецца, што ў агульнай складанасці кваліфікацыю пройдзе больш за 10 тыс. атлетаў.

16 кастрычніка стала вядома, што беларускія і расійскія спартоўцы не змогуць удзельнічаць у Еўрапейскіх гульнях 2023 года, якія пройдуць у Польшчы.

Падзяліцца: