be
Arrow
Мінск 17:09

Сенат Чэхіі рэкамендаваў ураду аб’явіць беларускія КДБ і ГУБАЗіК МУС арганізацыямі, што падтрымліваюць тэрарызм (дапоўнена)

15 лютага, BPN. Сенат Чэхіі (верхняя палата парламента) рэкамендаваў ураду краіны аб’явіць беларускія КДБ і ГУБАЗіК МУС арганізацыямі, што падтрымліваюць тэрарызм.

Рэкамендацыя змяшчаецца ў рэзалюцыі аб працягу рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Галасаванне па ёй адбылося ўвечары 15 лютага.

Прыняць дакумент прапанаваў сенацкі камітэт па замежных справах, абароне і бяспецы. 10 студзеня камітэт абмеркаваў беларускую праблематыку, 8 лютага — праект рэзалюцыі. На першае паседжанне з правам выступу былі запрошаныя прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці.

У рэзалюцыі, якую на пленарным пасяджэнні сената прадставіў кіраўнік камітэта Павел Фішар, змяшчаецца заклік увесці санкцыі супраць супрацоўнікаў КДБ і ГУБАЗіК МУС, забяспечыць працяг візавай праграмы “Грамадзянская супольнасць”, выдзяляць урадавыя стыпендыі асобным беларускім студэнтам, выкарыстоўваць усе магчымыя інструменты для эфектыўнай падтрымкі грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ як у Беларусі, так і тых, што вымушана выехалі за мяжу.

“Мы ўсе — і дэмакратычныя сілы, і беларуская дыяспара, і офіс, і кабінет — працавалі над гэтым”, — заявіў BPN галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

“Рэзалюцыя па КДБ і ГУБАЗіКу, аб дапамозе беларусам важная, — падкрэсліў дарадца. — Мы разумеем, што яна мае хутчэй рэкамендацыйны характар, але стала першым крокам у гэтым напрамку. Калі Чэхія і Літва прызнаюць гэтыя арганізацыі тэрарыстычнымі, спонсарамі тэрарызму, гэта можа стварыць эфект даміно, і іншыя краіны будуць прымаць такія ж рашэнні. Гэта азначае, што супрацоўнікі названых спецслужбаў аўтаматычна патрапяць пад абмежаванні, санкцыі і будуць несці адказнасць. Таму мы, безумоўна, вітаем прыняцце рэзалюцыі і ўдзячныя чэшскім сенатарам, Паўлу Фішару за падтрымку гэтай ініцыятывы”.

Падрабязней аб рэзалюцыі:

Камітэт чэшскага сената рэкамендуе аб’явіць беларускія КДБ і ГУБАЗіК арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм

Падзяліцца: