be
Arrow
Мінск 09:45

Стасункі паміж беларусамі і абхазамі могуць паслужыць міру і сяброўству паміж абхазамі і грузінамі, сцвярджае Лукашэнка

21 лютага, BPN. Стасункі народаў Беларусі і Абхазіі “могуць паслужыць справе міру і сяброўству паміж абхазскім і грузінскім народамі”, заявіў 21 лютага Аляксандр Лукашэнка, прымаючы кіраўніка самаабвешчанай рэспублікі Абхазія Аслана Бжанію.

“Няўжо паміж людзьмі, народамі не можа быць нармальных цёплых сяброўскіх стасункаў? — задаўся ён пытаннем (на падставе відэафрагменту, апублікаванага тэлеграм-каналам прэс-службы Лукашэнкі). — Можа, гэтыя стасункі і паслужаць міру і сяброўству паміж абхазскім і грузінскім народамі. Мы з вамі ніколі не планавалі ніякіх акцый у адносінах да Тбілісі, ніколі такога не было”.

Паводле яго слоў, на папярэдніх сустрэчах з абхазскім палітыкам яны “не давалі ніякіх ацэнак, не ўмешваліся ў сітуацыю”. Наадварот, “вельмі добрыя стасункі падтрымлівалі і падтрымліваем з Тбілісі, наколькі гэта магчыма”, сцвярджае Лукашэнка.

Пры гэтым ён пракаментаваў “сітуацыю з былым прэзідэнтам Саакашвілі”, які прыгавораны тбіліскім судом да 6 гадоў турмы паводле абвінавачання ў арганізацыі збіцця спецназам МУС апазіцыйнага дэпутата Валерыя Гелашвілі ў 2005 годзе. Цяпер Саакашвілі знаходзіцца клініцы.

“Неяк не вельмі прыстойна выглядае з пункту гледжання, што гэта быў прэзідэнт усё ж. Даходзіць да такой ступені, як гэта складваецца зараз, проста непрыстойна”, — лічыць Лукашэнка.

Пасля сустрэчы з Мінску Бжанія накіруецца ў Маскву.

Летась 28 верасня Лукашэнка наведаў абхазскі горад Піцунда і сустрэўся з Бжаніяй. Такім чынам Лукашэнка дэ-факта прызнаў незалежнасць Абхазіі, наведаўшы яе без дазволу ўладаў Грузіі.

Улады Грузіі і Еўрасаюз рэзка раскрытыкавалі Лукашэнку ў сувязі з яго паездкай у Абхазію.

29 верасня да Лукашэнкі звярнуўся Саакашвілі: “Цяпер у цябе яшчэ ёсць шанец вылезці з сітуацыі. Калі ты прызнаеш Абхазію і асабліва, калі з тваёй тэрыторыі адбудзецца спроба новага ўварвання ва Украіну, — ты як разумны мужык павінен зразумець, што гэта канец! Я бачыў! Я бачыў фоткі Мікалашкі (18-гадовы малодшы сын Лукашэнкі, народжаны па-за шлюбам. — BPN.), ён проста прыгажун. Падумай пра тое, што яму патрэбны здаровы і вольны бацька!”

Абхазія — самаабвешчаная дзяржава на тэрыторыі Грузіі, не прызнаная міжнароднай супольнасцю. Пасля ўзброенага канфлікту 2008 года, у якім Абхазію і іншы грузінскі рэгіён Паўднёвую Асецію актыўна падтрымала Расія, Тбілісі дэ-факта страціў кантроль над гэтымі тэрыторыямі.

Беларусь афіцыйна не прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

7 лютага 2022 года ў інтэрв’ю расійскаму дзяржпрапагандысту Уладзіміру Салаўёву Лукашэнка заявіў, што не выключае прызнання незалежнасці дзвюх самаабвешчаных рэспублік і зробіць гэта, “як толькі я зразумею і прэзідэнт Расіі мне скажа, што ў гэтым ёсць неабходнасць”.

Падзяліцца: