be
Arrow
Мінск 05:49

Ціханоўская: У дэмакратычных сіл ужо ёсць бачанне таго, як павінна выглядаць Канстытуцыя новай Беларусі

15 сакавіка, BPN. У дэмакратычных сіл “ужо ёсць бачанне таго, як павінна выглядаць Канстытуцыя новай Беларусі”, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 15 сакавіка з нагоды Дня Канстытуцыі.

“Нашая задача — не проста новая кніжка з наборам словаў, якім кожны чыноўнік зможа пагрэбаваць дзеля ўласных інтарэсаў. Нашая задача — вярнуць гэтаму дакументу значнасць. Падрыхтаваць такую Канстытуцыю, якая стане абаронай ад дыктатуры, гарантуе кожнаму чалавеку правы і свабоды, а таксама ўсталюе дэмакратычныя стрымкі і процівагі”, — адзначыла Ціханоўская.

Яна заўважыла, што Канстытуцыю Беларусі за апошнія 28 гадоў “некалькі разоў незаконна перапісвалі”, яе артыкулы “сістэматычна парушаў рэжым, і якая ўжо даўно страціла свой сэнс”.

“Нажаль, сёння не той дзень, з якім можна павіншаваць, але той, калі можна нагадаць сабе, як шмат мы з вамі ўжо зрабілі на шляху да вяртання сваіх канстытуцыйных правоў. І як шмат нам яшчэ давядзецца зрабіць, каб усе законы нашай краіны працавалі і абаранялі беларусаў, а не станавіліся інструментам для рэпрэсій супраць народа”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Яна прапанавала далучацца да абмеркавання падрыхтаванага дэмсіламі ў 2022 годзе праекта Канстытуцыі новай Беларусі на сайце kanstytucyja.online.

Падзяліцца: