be
Arrow
Мінск 20:39

У Польшчы па падазрэнні ў шпіянажы затрымалі дзевяць замежнікаў, прапагандысты сцвярджаюць, што трое з іх — беларусы

16 сакавіка, BPN. Агенцтва ўнутранай бяспекі (АУБ) Польшчы затрымала дзевяць замежнікаў па падазрэнні ў супрацоўніцтве з расійскімі спецслужбамі, заявіў на прэс-канферэнцыі 16 сакавіка ў Варшаве польскі міністр унутраных спраў Марыюш Каміньскі.

“Затрыманыя з’яўляюцца замежнікамі, якія прыбылі з-за ўсходняй мяжы, — сказаў кіраўнік МУС Польшчы. — Суд прымяніў да шасці з іх меру стрымання ў выглядзе папярэдняга зняволення. Пракуратура выставіла ім абвінавачанні ў шпіянажы на карысць Расіі і ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе. У дачыненні да трох з тых, хто быў затрыманы ўчора, узбуджаны крымінальныя справы”.

Паводле слоў Каміньскага, “доказы паказваюць на тое, што група займалася маніторынгам чыгуначных маршрутаў”.

“У яе задачы ўваходзіла выяўленне, маніторынг і дакументаванне паставак зброі, якія ажыццяўляюцца для Украіны, — заявіў міністр. — Падазроныя таксама рыхтаваліся да дыверсійных дзеянняў, накіраваных на тое, каб паралізаваць пастаўкі абсталявання, зброі і дапамогі Украіне”.

Супрацоўнікі АУБ канфіскавалі электроннае абсталяванне, у тым ліку камеры і GPS-перадатчыкі, якія прызначаліся, як сцвярджаецца, для ўсталёўкі на грузы, якія адпраўляюцца ва Украіну.

Заяўлена, што групе таксама даручылі “весці прапагандысцкую дзейнасць з мэтай дэстабілізацыі польска-ўкраінскіх стасункаў, распальвання і ўзбуджэння ў Польшчы настрояў, варожых краінам НАТО, і нападак на палітыку польскага ўрада ў дачыненні да Украіны”.

Паводле слоў Каміньскага, АУБ мае доказы, што “члены групы атрымлівалі рэгулярныя выплаты за выкананыя заданні”.

Раніцай 16 сакавіка адзін з беларускіх прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў паведаміў, што трое з дзевяці затрыманых у Польшчы з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі. Гэта Уладзіслаў Пасміцюха (1994 года нараджэння), Марыя Мядзведзева (2004) і Мікалай Маскаленка (1971). Там жа былі апублікаваныя відэазвароты, як сцвярджаецца, сваякоў затрыманых, якія заяўляюць пра сфабрыкаваную справу.

Падзяліцца: