be
Arrow
Мінск 08:24

Лукашэнка: Гатовыя аказаць дапамогу, каб не чужыя нам людзі ў ДНР нарэшце перасталі пакутаваць (абноўлена)

18 красавіка, BPN. “Данецкай народнай рэспубліцы” трэба “аднаўляцца”, працы наперадзе “вельмі шмат”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 красавіка ў Мінску на сустрэчы з часовым выканаўцам абавязкаў гэтага самаабвешчанага дзяржаўнага ўтварэння Дзянісам Пушыліным.

“Трэба прамысловыя прадпрыемствы адраджаць, сельскую гаспадарку, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — У рэшце людзі там жыць будуць. Гэта 100%. І карміць людзей жа трэба. Таму мы гатовы аказаць адпаведную дапамогу і падтрымку для таго, каб не чужыя нам людзі там нарэшце перасталі пакутаваць”.

Ён папрасіў суразмоўцу распавесці пра сітуацыю ў “ДНР”: “На фронце як у нас там справы?.. Ідуць вельмі інтэнсіўныя баі. І паўночней, і паўднёвей. Ды і ў напрамку Данецка. Абстрэлы. Людзям цяжкавата”.

Сепаратысты пры падтрымцы Расіі абвясцілі стварэнне “ДНР” 7 красавіка 2014 года на непадкантрольнай Кіеву частцы Данецкай вобласці Украіны.

27 ліпеня 2022 года Пушылін прыязджаў у Брэст і сустракаўся з прадстаўнікамі мясцовай улады.

30 верасня Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” аб уваходжанні ў склад РФ так званых “данецкай і луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя “рэферэндумы”.

На пачатку гэтага года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “ДНР” і “ЛНР”. 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала, што член СР НС Дзмітрый Баскаў “узяў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая па арганізацыі знаходжання школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Мінску ў перыяд зімовых школьных канікулаў”.

Беларускія ўлады дэ-юрэ не прызналі незалежнасць “ДНР” і “ЛНР”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым афіцыйны Мінск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны.

Летась увосень Лукашэнка дэ-факта прызнаў незалежнасць Абхазіі, наведаўшы яе без дазволу ўладаў Грузіі. Пазней у Мінск прыязджаў кіраўнік гэтага дзяржаўнага ўтварэння Аслан Бжанія.

Абнаўленне.

Пушылін у сваім тэлеграм-канале паведаміў аб сустрэчы з віцэ-прэм’ерам Пятром Пархомчыкам.

Паводле яго слоў, размова ішла аб пастаўках кар’ернай тэхнікі, цягачоў і аўтобусаў беларускай вытворчасці, будматэрыялаў, мэблі, шпалер, камплектаў для драўляных дамоў – аб апошнім таксама паведаміў Мінлясгас Беларусі.

“Мы ўжо пастаўляем у Беларусь насенне сланечніка, гатовы экспартаваць збожжа 4-га класа, у якім ёсць патрэбнасць у нашых партнёраў”, — напісаў Пушылін.

Падзяліцца: