be
Arrow
Мінск 21:55

Евангельскія рэфарматы Германіі запатрабавалі вызваліць філосафа Мацкевіча

27 красавіка, BPN. Сінод VIII Сінадальнага аб’яднання Евангелічна-рэфармацкай царквы Германіі прыняў на мінулым тыдні заяву ў падтрымку філосафа Уладзіміра Мацкевіча, паведамляе “Хрысціянская візія”.

“Немажлівым для хрысціян Евангелічна-рэфармацкай царквы ў Германіі” названы ў дакуменце перавод палітвязня ў турму строгага рэжыму ў Магілёве.

Сінод выказаў “асцярогу за здароўе і дабрабыт” Мацкевіча ў гэтых абставінах і звярнуўся з “настойлівай просьбай да адказных органаў змяніць гэтыя цяжкія ўмовы ўтрымання ў турме”.

У заяве падкрэсліваецца, што Мацкевіч быў асуджаны за “ажыццяўленне свайго права на свабоду выказвання меркаванняў і рэлігіі”.

“Мы патрабуем адмены гэтага прыгавору і неадкладнага вызвалення Уладзіміра Мацкевіча”, — гаворыцца ў дакуменце.

Евангелічна-рэфармацкая царква Германіі аб’ядноўвае вернікаў з федэральных зямель Ніжняя Саксонія, Брэмен, Гамбург, Шлезвіг-Гальштэйн і Мекленбург — Пярэдняя Памеранія.

15 лютага Мацкевіча перавялі ў магілёўскую турму № 4 са шклоўскай калоніі № 17 згодна з рашэннем суда Шклоўскага раёна ад 13 лютага (Магілёўская вобласць).

Турэмны рэжым прадугледжвае, што зняволеныя ўвесь час знаходзяцца ў камерах ад 3 да 12 чалавек. Адразу пасля прыбыцця ў турму зняволены змяшчаецца на строгі турэмны рэжым, на агульны можа быць пераведзены толькі праз шэсць месяцаў — па рашэнні начальніка ўстановы.

Пры агульным турэмным рэжыме зняволены мае права на куплю тавараў максімум на 2 базавыя велічыні (74 рублі) у месяц, два кароткатэрміновых спаткання ў год, адну пасылку або перадачу і дзве бандэролі ці дзве дробныя пасылкі ў год, штодзённыя прагулкі ў двары працягласцю да паўтары гадзіны, пры строгім турэмным рэжыме — тавары на 1 б. в. (37 рублёў) у месяц, адно кароткатэрміновае спатканне ў год, адну бандэроль або адзін дробны пакет у год, штодзённыя прагулкі да гадзіны.

4 лютага стала вядома, што адміністрацыя калоніі № 17 на пачатку студзеня змясціла Мацкевіча на тры месяцы ў памяшканне камернага тыпу. З сярэдзіны студзеня блізкія не атрымлівалі ад яго ніякіх вестак.

23 чэрвеня 2022 года Мінскі абласны суд прыгаварыў Мацкевіча да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Сяргей Епіхаў, унесены ў санкцыйныя спісы дэмакратычных краін Захаду, прызнаў яго вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта). Працэс адбываўся з 9 чэрвеня ў закрытым рэжыме. 30 верасня Вярхоўны суд па выніках разгляду апеляцыі пакінуў прысуд у сіле.

Філосафу паставілі ў віну “грубае парушэнне грамадскага парадку” падчас пратэстнай акцыі ў Мінску 25 кастрычніка 2020 года.

Таксама Мацкевіча абвінавацілі ў тым, што са жніўня 2020-га ён на працягу года “стварыў і кіраваў экстрэмісцкім фарміраваннем”, у рамках якога “вырабляў і размяшчаў у Telegram-каналах, старонцы ў Facebook і платформе “Сход” матэрыялы, якія ўтрымлівалі загадзя ілжывыя звесткі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным, міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, а таксама негатыўную ацэнку прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў”.

Акрамя таго, паводле версіі абвінавачвання, філосаф абразіў Аляксандра Лукашэнку ў апублікаваным 7 траўня 2021 года відэароліку.

У лютым 2022 года Мацкевіч правёў амаль двухтыднёвую галадоўку ў СІЗА № 1 у Мінску, пратэстуючы супраць таго, што з ім не праводзілася следчых дзеянняў. Філосаф не прызнаў віну і заявіў, што падставай для затрымання і абвінавачвання сталі яго артыкулы, выказванні, ідэі і думкі.

Уладзімір Мацкевіч — грамадска-палітычны дзеяч, тэлевядучы, заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій, першы старшыня рады Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь”, заснавальнік “Лятучага ўніверсітэта” і член асноўнага складу Каардынацыйнага савета па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі.

Падзяліцца: