be
Arrow
Мінск 05:05

Кіраўнік ГУР Украіны Буданаў заявіў, што для наладжвання камунікацыі з Лукашэнкам выкарыстоўваліся “ўсе каналы сувязі”

16 траўня, BPN. Народны дэпутат Яўген Шаўчэнка выкарыстоўваўся Украінай для наладжвання камунікацыі з беларускімі ўладамі, і ён у гэтым “працэсе эфектыўны”, распавёў начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Кірыл Буданаў 16 траўня ў інтэрв’ю ютуб-каналу “Разные люди”.

Буданаў адзначыў, што былі задзейнічаны “ўсе нашы магчымасці для камунікацыі” з Аляксандрам Лукашэнкам.

“Мы нават задзейнічалі народнага дэпутата”, — заявіў ён, растлумачыўшы, што гэта рабілася для недапушчэння ўступлення Беларусі як краіны ў вайну, каб пазбегнуць “паўторных спроб заходаў з тэрыторыі Беларусі ва Украіну” або спроб нанясення ўдараў.

“Як паказаў час, па стане на цяпер, гэтага ўдалося дабіцца”, — сказаў Буданаў.

Начальнік ГУР назваў імя нардэпа, які быў задзейнічаны ў камунікацыі з Лукашэнкам. Гэта Яўген Шаўчэнка.

“Спадар Шаўчэнка дастаткова даўно нам дапамагае. І ні разу не адмаўляў, калі мы звярталіся з пэўнымі просьбамі да яго”, — зазначыў начальнік ГУР.

Яўген Шаўчэнка публічна падтрымліваў Лукашэнку і заклікаў прызнаць яго законна абраным прэзідэнтам пасля выбараў 2020 года, калі дэмакратычныя краіны вынікі выбараў прызнаваць адмовіліся.

20 красавіка 2021 года ён прыязджаў у Мінск і сустракаўся з Лукашэнкам.

У тым жа годзе ён быў выключаны з фракцыі “Слуга народа” за кантакты з ім.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны. Улады ў Мінску пастаянна адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяннях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней актыўна выкарыстоўвалася расійскай арміяй для нанясення ўдараў па Украіне.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў расійскай “спецыяльнай ваеннай аперацыі” ва Украіне, усяляк падтрымліваючы РФ, але “нікога не забіваючы”.

Летась у ліпені Лукашэнка публічна прызнаў уварваньне 20-тысячнага кантынгенту расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.

11 красавіка першы намеснік міністра абароны Украіны Аляксандр Паўлюк заявіў, што ў пачатку вайны 70 тыс. вайскоўцаў 35-й агульнавайсковай арміі РФ на 7 тыс. бронемашынах “з беларускай мяжы ўварваліся” на тэрыторыю Кіеўскай вобласці. У пачатку красавіка 2022-га захопнікі былі адтуль выгнаныя.

Падзяліцца: