be
Arrow
Мінск 17:25

Кіраўнік МЗС: Да сярэдзіны наступнага года Беларусь можа далучыцца да ШАС

4 ліпеня, BPN. Беларусь можа далучыцца да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) да наступнага саміту арганізацыі, які пройдзе ў Астане (Казахстан) у ліпені 2024 года, паведаміў неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі са спасылкай на кіраўніка Міністэрства замежных спраў Сяргея Алейніка. 

Ён сказаў журналістам пасля пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў ШАС, якое праходзіла 4 ліпеня ў фармаце відэаканферэнцыі, што мемарандум аб абавязацельствах Беларусі ў працэсе далучэння да ШАС у якасці паўнапраўнай дзяржавы-члена падпісаны ўсімі краінамі, якія ўваходзяць у яе. 

“Далейшы працэс звязаны з ратыфікацыяй, пасля якой можна гаварыць аб паўнапраўным уступленні нашай краіны ў гэту арганізацыю. З боку Беларусі праведзена ўся неабходная работа”, — сказаў Алейнік. 

“Набліжаецца да завяршэння працэс уступлення Рэспублікі Беларусь у нашу арганізацыю”, — заявіў 4 ліпеня прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС. 

Паводле слоў палітыка, якія перадае інфармагенцтва Kazinform, Казахстан распрацаваў праект новай стратэгіі ШАС, якая заклікана пашырыць парадак дня арганізацыі “па найбольш перспектыўных напрамках узаемадзеяння”. 

З 2010 года ў Беларусі быў статус партнёра Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, з 2015-га — назіральніка. 

У ліпені 2022 года Мінск падаў заяўку на далучэнне да ШАС. У верасні прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў паведаміў на саміце арганізацыі, што пачалася працэдура надання Беларусі статусу паўнапраўнага члена. 

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва была створана ў 2001 годзе. Дэкларацыю аб яе фарміраванні падпісалі кіраўнікі Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Пазней да ШАС далучыліся іншыя краіны.

Падзяліцца: