be
Arrow
Мінск 23:46

“Толькі цяпер нам сказалі: зараз можаце расказваць самі” — Азараў аб датычнасці СБУ да інцыдэнту ў Мачулішчах

27 ліпеня, BPN. Калі б раней арганізацыя былых сілавікоў ByPol паведаміла, што акцыя на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах (Мінскі раён) была сумеснай са Службай бяспекі Украіны, украінскі бок адмовіўся б ад гэтага, заявіў BPN 27 ліпеня прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў.

“У лютым была такая устаноўка: ні ў якім разе не казаць пра СБУ нічога. Нават, каб мы сказалі, што аперацыя была сумесная, яны б адмовіліся, — сказаў Азараў. — Украінскія ўлады ніколі не прызнаюць за сабой ніякіх акцый, што праводзіліся за мяжой. Цяпер толькі пачалі прызнаваць Крымскі мост. Гэта, напэўна, ўвогуле першае, што яны прызнаюць. Такой была іх палітыка і яны казалі: “Нехта там пакурыў”. 

Паводле прадстаўніка АПК, ByPol першапачаткова не збіралася браць адказнасць за гэтыя дзеянні і на сябе.

“Была ідэя [сказаць], што проста беларускія партызаны [гэта зрабілі], — удакладніў ён. — Але потым сумесна [з СБУ] вырашылі інфармаваць, што гэта былі толькі мы. Увогуле, было некалькі варыянтаў, як можна было падаць інфармацыю пра атаку ў Мачулішчах ва ўкраінскіх СМІ. Варыянт, што аперацыя адбылася сумесна з украінскім бокам, быў, але нешта пайшло не так. Толькі зараз нам сказалі: “Цяпер можаце расказваць самі”.

На думку Азарава, прымяненне выбухоўкі і “па сутнасці ваенныя дзеянні” ў Мачулішчах выклікалі незадаволенасць ў донараў арганізацыі.

Ён звярнуў увагу, што да метадаў дзейнасці ByPol у іх пытанні былі і падчас аперацый “рэйкавых партызан” пасля пачатку вайны ва Ўкраіне, але “абвастрыліся” пасля атакі на самалёт А-50.

“І па рэйкавых партызанах таксама былі пытанні, але неяк нівеліравалася. Так супала сітуацыя, што ў ByPol якраз у лютым скончыўся грант і мы падаваліся на новы. Разгляд супаў з атакай у Мачулішчах. І людзі, якія займаліся разглядам нашага праекту, сказалі “не”. Калі адбываліся падзеі з рэйкавымі партызанамі, фінансаванне ўжо было зацверджана і прыпыняць яго не было сэнсу”, — падкрэсліў Азараў.

26 ліпеня Азараў у інтэрв’ю відэаблогеру Таццяне Мартынавай заявіў, што правядзенне акцыі на аэрадроме ў Мачулішчах было сумеснай аперацыяй арганізацыі былых сілавікоў ByPol і Службы бяспекі Украіны.

Інфармацыя аб выбухах на аэрадроме Мачулішчы з’явілася 26 лютага. Сцвярджалася, што пашкоджаны рэдкі і дарагі вайсковы самалёт А-50. 

ByPol заявіў, што гэта вынік аперацыі ўдзельнікаў плана “Перамога”, якія выкарыстоўвалі дроны-камікадзэ. Азараў тады адзначыў, што выканаўцы пакінулі Беларусь. 

Дзяржаўныя СМІ і афіцыйныя асобы некалькі дзён ігнаравалі гэтую тэму, а пасля сталі масава пераконваць гледачоў і слухачоў у спраўнасці самалёта, суправаджаючы гэта відэакадрамі. 

7 сакавіка Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў рэальнасць інцыдэнту, назваў тое, што адбылося, тэрактам і ўсклаў адказнасць на Кіеў. 

КДБ заявіў пра затрыманне больш за 20 чалавек, у тым ліку нібыта непасрэднага выканаўцы Мікалая Швяца, які названы агентам украінскай спецслужбы. 

У пачатку красавіка намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак у эфіры тэлеканала АНТ заявіў, што фігурантам крымінальнай справы аб нападзе на расійскі ваенны самалёт А-50 прад’яўлена абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай).

У пачатку чэрвеня ў ByPol адбыўся публічны скандал. Азараў як кіраўнік арганізацыі заявіў аб звальненні “групы асоб” за адмову праходзіць праверку на паліграфе, а таксама абвінаваціў аднаго з іх — Мацвея Купрэйчыка — у крадзяжы ютуб-канала ByPol і акаўнтаў у сацыяльных сетках. 

Група Купрэйчыка ў сваю чаргу заявіла аб звальненні Азарава, а таксама іншага члена аб’яднання Станіслава Лупаносава (абодва раней працавалі ў ГУБАЗіК) з-за “дэструктыўнай дзейнасці і выяўленых парушэнняў з іх боку патрабаванняў бяспекі”. Сцвярджалася, што Азараў “не з’яўляецца і ніколі не быў заснавальнікам або кіраўніком ByPol”, але ўзначальваў створаны ім “для выканання фармальных функцый” аднайменны фонд. 

АПК аб’явіў аб пачатку праверкі “з мэтай вывучэння абставін” сітуацыі ў ByPol, “выпрацоўкі высноў і прыняцця адпаведных рашэнняў”. 

Пазней бакі канфлікту правялі сустрэчу пры пасярэдніцтве АПК. Было вырашана, што аб’яднанне падзеліцца на дзве арганізацыі, іх праца рэарганізуецца.

5 ліпеня частка ByPol перайменавана ў BelPol.

Падзяліцца: