Мінск 20:12

Урад РФ дазволіў Беларусі адкрыць у Екацярынбурзе генконсульства

2 кастрычніка, Позірк. Распараджэнне, якое дазваляе Беларусі адкрыць у Екацярынбургу генеральнае консульства, падпісаў 28 верасня прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін.

Да гэтага ў адміністрацыйным цэнтры Уральскай федэральнай акругі і Свярдлоўскай вобласці дзейнічала аддзяленне амбасады Беларусі ў РФ.

У апублікаваным на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі Расіі дакуменце ўказана, што прапанова стварыць консульскую акругу паступіла ва ўрад ад Міністэрства замежных спраў РФ.

Чакаецца, што праца дыпмісіі ахопіць усе рэгіёны Уральскай федэральнай акругі, а таксама Пермскі край.

Уладам Свярдлоўскай вобласці рэкамендавана выдзеліць дыпламатам службовыя і жылыя памяшканні на ўмовах арэнды або набыцця.

30 чэрвеня паведамлялася, што Беларусь адкрыла генконсульства ў Санкт-Пецярбургу.

Раней намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Назарук заяўляў, што знешнепалітычнае ведамства плануе адкрыць генконсульствы таксама ў Растове-на-Доне і Екацярынбургу, дзе дзейнічаюць аддзяленні амбасады.

28 снежня 2022 года ў Гродне адкрылася генеральнае консульства РФ. Першым абласным цэнтрам, у якім пачалі працаваць расійскія дыпламаты, стаў Брэст у 1994 годзе. У тэрытарыяльна блізкіх да РФ Віцебску, Магілёве і Гомелі расійскіх дыппрадстаўніцтваў пакуль няма.

Падзяліцца: