Мінск 19:33

СК абвінаваціў Ціханоўскую і Гарбунову ў “падштурхванні да злачынства” удзельнікаў ліпеньскага марафону салідарнасці

3 кастрычніка, Позірк. Крымінальная справа ў дачыненні да ўдзельнікаў ліпеньскага марафону салідарнасці “Нам не ўсё адно!” узбуджаная паводле ч. 2 арт. 3612 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), вынікае з паведамлення прэс-службы Следчага камітэта.

“Цяпер праваахоўнымі органамі высвятляюцца асобы, якія маюць дачыненне да фінансавання экстрэмізму на тэрыторыі Беларусі і па-за яе межамі. Дзеянням кожнага ўдзельніка будзе дадзена прынцыповая прававая ацэнка, — заяўляе ведамства. — Высветлена каля 60 датычных з ліку арганізатараў марафону і іх памагатых. Праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы”.

СК лічыць, што 29 ліпеня марафон салідарнасці са зборам сродкаў, які трансляваўся на ютуб-каналах, правялі “прадстаўнікі экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый”.

“Ініцыятарам “сеткавай каруселі данатаў” стала прадстаўнік так званага “Аб’яднанага пераходнага кабінета” В. Гарбунова (прадстаўнік па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова. — “Позірк.) і намінальны партнёр тэрарыстычных і экстрэмісцкіх фарміраванняў С. Ціханоўская, якія хаваюцца ад крымінальнага пераследу па-за межамі Рэспублікі Беларусь. На гэты раз імі было прынята рашэнне падштурхнуць людзей на здзяйсненне злачынстваў праз грашовыя пераводы і зрабіць іх датычнымі да фінансавання злачыннай дзейнасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

Раней МУС паведаміла пра ўзбуджэнне справы ў дачыненні да ўдзельнікаў марафону, але не канкрэтызавала крымінальны артыкул.

Да, падчас і пасля марафону салідарнасці “Нам не ўсё адно!” сабрана 574.617 еўра і яшчэ каля 12 тыс. еўра ў крыптавалюце. Збор сродкаў праводзіўся 28–30 ліпеня, сам 12-гадзінны марафон прайшоў 29 ліпеня. У яго арганізацыі і правядзенні ўдзельнічала больш як 20 незалежных СМІ, мерапрыемства транслявалася на іх ютуб-пляцоўках. “Позірк” выступіў медыяпартнёрам акцыі.

29 верасня прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова паведаміла Позірку”, што паміж профільнымі арганізацыямі размеркавана 104 тыс. еўра са сабраных падчас марафону салідарнасці.

27,5 тыс. еўра перададзеныя фонду салідарнасці By_Help, па 13,5 тыс. — праваабарончай ініцыятыве Dissidentby, дабрачыннай арганізацыі Littouwin LIONS CLUB, фонду дапамогі беларусам у Літве Razam і ініцыятыве “Анархічны Чорны крыж Беларусі”, 13 тыс. — дабрачыннаму фонду “Краіна для жыцця”, 9,5 тыс. — ініцыятыве “Беларуская Рада культуры”.

2 кастрычніка стала вядома, што яшчэ 100 тыс. накіравана фонду салідарнасці BYSOL, яго сузаснавальнік Андрэй Стрыжак заявіў пра намер з дапамогай гэтых сродкаў “закрыць 200 заявак, кожная з якіх будзе падтрымана на 500 еўра”.

Падзяліцца: