Мінск 04:31

Ціханоўская: Колькасць штомесячных палітычных затрыманняў у Беларусі за тры гады вырасла ў сем разоў

4 кастрычніка, Позірк. Колькасць штомесячных палітычных затрыманняў у Беларусі павялічылася са 100 у 2020 годзе да 700 у 2023-м, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 4 кастрычніка на сустрэчы “Жанчыны ў сферы міжнароднай бяспекі” ў рамках Варшаўскага форуму па бяспецы.

“Зараз у Беларусі налічваецца больш за 1.500 палітвязняў, — цытуе палітыка яе прэс-служба. — Сярод іх шмат жанчын. Згодна з пэўнымі данымі, траціна ўсіх жанчын-палітзняволеных у свеце — у Беларусі, у невялікай дзяржаве з насельніцтвам у 10 мільёнаў чалавек. <…> За кожным палітвязнем стаіць сям’я, якая церпіць. Калі паразмаўляць з беларусамі, амаль кожны мае сваяка ці сябра, што пацярпеў ад рэпрэсій”.

Ціханоўская распавяла пра лідарства і ролю жанчын у кантэксце беларускіх пратэстаў ў 2020 годзе і пасля іх, пра праблемы, з якімі беларусы сутыкнуліся праз рэпрэсіі з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, турмы і вымушаную эміграцыю.

Яна заклікала падтрымаць беларускі народ ў барацьбе з несправядлівасцю, якая “пракладвае шлях да свабоднай і дэмакратычнай Беларусі”.

“Калі міжнародная супольнасць будзе з намі, калі свет прызнае і будзе дзейнічаць супраць зверстваў, якія здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі, мы можам і будзем перамагаць, — упэўненая палітык. — Мы чакаем не проста падтрымкі, мы чакаем лідарства ад міжнароднай супольнасці. Ізаляцыя рэжыму і сталы ціск з дапамогай мэтанакіраваных санкцый маюць вырашальнае значэнне для нашай барацьбы за свабоду”.

“Калі тры гады таму я балатавалася ў прэзідэнты, дыктатар не ўспрымаў мяне ўсур’ёз як жанчыну. Мы даказалі, што ён памыляўся. Ён недаацаніў беларускіх жанчын. Гэта не першы выпадак, калі жанчын недаацэньваюць. Я б хацела разам з вамі пабудаваць свет, у якім жанчын шануюць за іх сілу і лідарства, дзе нашыя галасы чуюць, а нашыя ідэі паважаюць”, — дадала яна.

У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўніцы ўрадаў і парламентаў Албаніі, Ісландыі, Канады, Нідэрландаў, Паўночнай Македоніі, Украіны ды інш.

Падзяліцца: