Мінск 19:43

БАА: У кастрычніку ў Беларусі прададзена на 14,7% легкавых аўтамабіляў больш, чым у верасні

Фота: "БелДжы"

9 лістапада, Позірк. У кастрычніку 2023 года ў Беларусі прададзена 2.360 новых легкавых аўтамабіляў — на 14,7% больш, чым у верасні (2.058) і амаль у пяць разоў больш (478,7%), чым у кастрычніку 2022-га, паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА).

За тры кварталы 2023-га продажы выраслі на 27,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Паводле дадзеных арганізацыі, лідзіруючую пазіцыю па-ранейшаму займае брэнд Geely — 11.735 прададзеных аўтамабіляў з пачатку года (+1.600, 67,8% рынку).

“За 10 месяцаў бягучага года мы назіраем устойлівую тэндэнцыю росту рынку продажаў новых аўтамабіляў, што паказвае на яго высокі патэнцыял і паступовае аднаўленне. Пры захаванні дадзенай тэндэнцыі і працягу прыходу новых брэндаў мы прагназуем, што рынак нашай краіны ў гэтым годзе можа дасягнуць 25.000 аўто”, — адзначыў член праўлення БАА, кіраўнік ТАА “АўтаПрамСервіс” Андрэй Ткачоў.

Паводле яго слоў, важным складнікам рынку становіцца з’яўленне новых кітайскіх брэндаў, што “ўжо ў найбліжэйшай будучыні дазволіць убачыць яго трансфармацыю на карысць аўтамабіляў з Паднябеснай”.

Увосень у Беларусі стартавалі продажы аўтамабіляў кітайскіх вытворцаў Hongqi (уваходзіць у канцэрн FAW Group) і Haval (Great Wall Motors). Анансавана з’яўленне на рынку прадукцыі кампаніі Dongfeng Motors.

7 чэрвеня Міністэрства прамысловасці паведаміла, што СЗАТ “БелДжы” плануе ў 2023‑м рэалізаваць на ўнутраным рынку 9,5 тыс. аўтамабіляў — у 2,2 разы больш у параўнанні з 2022‑м годам (4.355).

Па выніках 2022 года, сведчаць дадзеныя БАА, дылеры прадалі 14.843 легкавыя аўтамабілі. Лідзіравалі Geely (4.355), Lada (3.782) і Kia (1.462).

У 2021 годзе ў Беларусі было прададзена 46.837 згаданых тыпаў аўто, у 2020‑м — 53.537, 2019‑м — 64.504. За апошнія тры гады продажы скараціліся на 49.661 адзінку (-77%).

Падзяліцца: