Мінск 22:28

Лукашэнка заявіў, што партыйнае поле Беларусі ачышчана ад “дэкаратыўных аб’яднанняў”

10 лістапада, Позірк. “У ходзе перарэгістрацыі мы ачысцілі партыйнае поле ад дэкаратыўных аб’яднанняў і тых, чыя дзейнасць скіравана на падрыў асноў канстытуцыйнага ладу нашай краіны”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 лістапада на сустрэчы з кіраўнікамі лаяльных рэжыму палітычных партый, якія засталіся ў краіне.

Лукашэнка, як паведамляе яго прэс-служба, сцвярджае, што доўгі час “пад шырмай дэмакратычных форм палітычнага ўдзелу фактычна дзейнічалі экстрэмісцкія групоўкі ў мэтах падрыву дзяржаўнасці”.

“Беларусь — маладая суверэнная дзяржава. Выбраная намі мадэль кіравання краінай — прэзідэнцкая рэспубліка — аптымальная для нашага грамадства з улікам гістарычных традыцый і геапалітычнага становішча. Людзі павінны гэта не проста разумець, а прымаць як аксіёму”, — заявіў ён, дадаўшы, што “не супраць разумнай і канструктыўнай крытыкі тых ці іншых дзеянняў улады”.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусі “не трэба капіяваць рознага роду тэмы з савецкай, расійскай гісторыі, тым больш заходні досвед”.

“Мы не аднаўляем КПСС, не будуем партыю ўлады, не падзяляем грамадства па партыйнай прыналежнасці. Досвед будзем выкарыстоўваць станоўчы”, — сказаў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што беларускія партыі “прынясуць карысць, калі па-сапраўднаму змогуць прадстаўляць інтарэсы сваіх членаў перад дзяржавай, а таксама стаць памочнікам улады ў растлумачэнні рашэнняў, што прымаюцца”.

“Прызначэнне партый — не змагацца з дзяржавай, a канкураваць паміж сабой на ўзроўні праектаў, заканадаўчых ініцыятыў. Усё, што нацэлена на стварэнне”, — сказаў Лукашэнка.

Летам і восенню ў Беларусі былі скасаваныя 11 палітычных рухаў — Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”, партыя “Справядлівы свет”.

На пачатку верасня стала вядома, што Беларуская аграрная партыя знаходзіцца ў працэсе самаліквідацыі, у спісе зарэгістраваных палітычных сіл яе няма.

Прайшоўшы перарэгістрацыю, працягваюць дзейнічаць праўладныя Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Акрамя таго, зарэгістраваная максімальна лаяльная Лукашэнку партыя “Белая Русь”.

Напрыканцы 2022 года Лукашэнка заявіў, што “на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі”. У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які пастрожыў патрабаванні да палітычных сілаў і абавязаў усе існыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі.

Падзяліцца: