Мінск 16:45

Лукашэнка патлумачыў стварэнне “Фонду Першага” неабходнасцю сабраць сродкі на дабрачыннасць “у адным месцы”

6 кастрычніка, Позірк. “Фонд Першага” створаны для мэтаў дабрачыннасці, задача арганізацыі — “сабраць сродкі ў адным месцы і аказаць дапамогу тым, хто ў ёй сапраўды мае патрэбу”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 6 кастрычніка падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба, грошай на рахунку фонду пакуль няма.

“Галоўнае, што мы зможам акумуляваць сродкі тых, хто неабыякавы. І з майго боку — гарантыя таго, што гэтыя грошы раскрадзеныя не будуць”, — сказаў Лукашэнка.

Ён сцвярджае, што пасля закрыцця шэрагу фондаў і арганізацый, “якія пад выглядам дабрачыннасці і іншай грамадскай дзейнасці спрабавалі ў 2020 годзе разгайдаць абстаноўку ў краіне, аказалася цяжка знайсці спосаб, каб паўдзельнічаць у дабрачыннасці”.

“Мы прыкрылі тут. І тыя, хто нам дапамагаў і хочуць дапамагчы, — юрыдычна не могуць. Тады я кажу: давайце пад эгідай прэзідэнта створым гэты фонд, адкрыты абсалютна, каб людзі, якія ў гэты фонд уносяць сродкі, разумелі, куды ідуць гэтыя грошы”, — сказаў Лукашэнка.

Фонд зарэгістраваны 25 кастрычніка 2022 года рашэннем Мінюста па адрасе: Мінск, вул.Чырвонаармейская, д. 15.

22 верасня гэтага года Лукашэнка назваў “інфармацыйнай атакай” паведамленні ў СМІ аб будаўніцтве па гэтым адрасе яго новай рэзідэнцыі.

“На другіх паверхах даручыў: усе фонды, якія мы закрылі (сабачак лячылі, катоў і гэтак далей), дабрачынныя, сабраць пад адзін дах. Гэта прэзідэнт пабудаваў сабе рэзідэнцыю там, новую. Слухайце, мне хапае працоўных месцаў, дзе працаваць. Тут я працую і за горадам, адзін да аднаго кабінеты. Больш мне нічога не трэба”, — адзначыў Лукашэнка.

Расследаванне аб будаўніцтве новай рэзідэнцыі ў цэнтры Мінска выпусціла 18 верасня на сваім ютуб-канале аб’яднанне былых сілавікоў BelPol. Інфармацыю, якая падмацавана атрыманымі дакументамі, у той жа дзень распаўсюдзілі незалежныя СМІ.

Паведамлялася, што за сродкі дзяржбюджэту вырабляецца рамонт і абсталяванне чатырохпавярховага будынка па адрасе вул. Чырвонаармейская, 15 у Мінску. Кошт работ, паводле звестак BelPol, складзе больш за 14 млн долараў.

Увагу аўтараў расследавання прыцягнула зона адпачынку ў меркаванай рэзідэнцыі. У гэтай частцы будынка спраектаваны СПА-аб’ект з плавальнай дарожкай, сауна і крыапакой, хамам, масажны кабінет і два душы з назвамі “Тропіка” і “Сібірская ноч”.

Сярод іншага супрацоўнікі BelPol ацанілі кошт санвузла, размешчанага побач са спальняй “гаспадара” будынка. Сцвярджаецца, што тумба пад рукамыйніцай у памяшканні абышлася дзяржбюджэту ў суму каля 6.600 рублёў, трымальнік для ручнікоў — 3.312 рублёў, мыльніца — 1.656 рублёў, ёршык — каля 600 рублёў, трымальнік для туалетнай паперы — амаль 300 рублёў.

Раней па адрасе Чырвонаармейская, 15 размяшчаўся Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр Упраўлення справамі прэзідэнта (лечкамісія). У 2018 годзе яго перанеслі ў новы будынак у аграгарадку Ждановічы (Мінскі раён).

У 2021 годзе былы міністр культуры, а цяпер намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што ўсяго ў Лукашэнкі 15 рэзідэнцый.З 2020 года ў Беларусі ліквідавана не менш за 1.441 НКА.

Падзяліцца: