Мінск 17:40

Ціханоўская папрасіла партугальскі ўрад змякчыць умовы для працы беларускага бізнесу

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

13 лістапада, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы ў Лісабоне з дзяржсакратаром Партугаліі Бернарду Іву Крузам папрасіла змякчыць умовы для працы беларускага бізнесу ў гэтай краіне.

Прэс-служба беларускага палітыка паведаміла “Позірку”, што ў сустрэчы ўдзельнічалі кіраўнікі беларускіх кампаній і стартапаў, якія працуюць у Партугаліі, а таксама прадстаўніца беларускага стартап-хаба Imaguru Анастасія Хамянкова.

Ціханоўская падкрэсліла, што беларускія кампаніі, якія пераехалі ў Партугалію, працягваюць працаваць на карысць зменаў у Беларусі, падтрымліваюць рэпрэсаваных, беларускія ініцыятывы, добраахвотнікаў ва Ўкраіне. Палітык выказала ўпэўненасць, што гэты бізнес пасля дэмакратычных перамен вернецца ў Беларусь і будзе аднаўляць нацыянальную эканоміку.

Падчас сустрэчы бакі закранулі шэраг пытанняў: абмен досведам у бізнэс-асяроддзі і заканадаўства ў сферы бізнесу для новай Беларусі; спрашчэнне працэдуры легалізацыі для рэлакаваных супрацоўнікаў і атрымання ВНЖ; выдача пашпартоў іншаземцаў для тых, хто не можа аднавіць дакументы ў Беларусі; зняцце патрабавання апастылю для дакументаў; магчымасць адкрываць банкаўскія рахункі; змякчэнне падаткавай нагрузкі для IT-кампаній; атрыманне дакументаў для беларускіх дзяцей, народжаных у Партугаліі.

Адзначаецца, што па выніках перамоваў была дасягнутая дамоўленасць, што Міністэрства замежных спраў Партугаліі вызначыць кантактную асобу, каб працягваць камунікацыю па вырашэнні абмеркаваных пытанняў.

Ціханоўская прыбыла з візітам у Лісабон 12 лістапада. Афіцыйныя мерапрыемствы запланаваны на 13 і 14 лістапада. Анансаваныя сустрэчы з прэм’ер-міністрам, міністрам абароны.

Дэмакратычны лідар наведвала Партугалію ў сакавіку 2021 года і чэрвені 2022-га.

Падзяліцца: