Мінск 16:50

Латушка: Гаагскі дзень календара для Лукашэнкі абавязкова надыдзе

Фота: скрыншот відэа ютуб-канала Паўла Латушкі

17 лістапада, Позірк. Дата выдачы Міжнародным крымінальным судом (МКС) у Гаазе ордэра на арышт Аляксандра Лукашэнкі пакуль невядомая, але “мы верым у міжнароднае правасуддзе і ўпэўненыя, што адказнасць немінучая”, заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

“Гаагскі дзень календара для Лукашэнкі абавязкова наступіць”, — напісаў палітык у сваім тэлеграм-канале.

Каментуючы высновы Лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ельскай школы аховы здароўя, Латушка падкрэсліў, што “гэтая справаздача незалежнай аўтарытэтнай арганізацыі фактычна пацвярджае ўсе факты, раней перададзеныя камандай НАУ ў офіс пракурора МКС”.

“Нагадаю, што 27 чэрвеня НАУ перадало ў Гаагу першую частку камунікацыі аб дачыненні рэжыму Лукашэнкі да дадзенага злачынства. 7 лістапада мы перадалі другую частку з дадатковымі доказамі. Вайсковы злачынец павінен адказаць за свае злачынствы”, — заявіў Латушка ў відэа на сваім ютуб-канале.

Паводле дадзеных Лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ельскай школы аховы здароўя (ЗША; звязана з Ельскім універсітэтам) у апублікаванай 16 лістапада справаздачы некамерцыйнай арганізацыі “Абсерваторыя канфліктаў”, з Украіны ў Беларусь з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі 24 лютага 2022 года па 30 кастрычніка 2023-га вывезена не менш за 2.442 дзяцей 6–17 гадоў.

Адзначаецца, што дзяцей (у тым ліку з уразлівых груп насельніцтва) прывозілі ў 13 розных устаноў Беларусі.

“Расія сістэматычна выяўляе, збірае, перавозіць і перавыхоўвае ўкраінскіх дзяцей пры садзейнічанні Беларусі, — гаворыцца ў справаздачы. — Перамяшчэнне дзяцей з акупаванай [часткі] Украіны ў Беларусь каардынуецца прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і аўтарытарным лідарам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам праз Саюзную дзяржаву”.

Паводле інфармацыі даследчыкаў, да гэтай дзейнасці датычныя “як расійскія, так і беларускія спецслужбы, у тым ліку Следчы камітэт Расіі і ўнутраныя войскі Беларусі”.

Сцвярджаецца, што перамяшчэнне дзяцей з Украіны ў Беларусь, іх перавыхаванне і ваенная падрыхтоўка ажыццяўлялася “пад сумесным кіраўніцтвам і пры сумесным фінансаванні” з боку Лукашэнкі і Пуціна.

“Лукашэнка ўхваліў задзейнічанне дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый для дастаўкі дзяцей з Украіны ў Беларусь, фінансаваў іх перавозку за кошт сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы, супрацоўнічаў з рознымі прарэжымнымі структурамі ў пытанні перавозкі дзяцей. <…> Лукашэнка, члены Саюзнай дзяржавы і прадстаўнікі прарэжымных сіл неаднаразова наведвалі дзяцей, перамешчаных з Украіны ў Беларусь”, — гаворыцца ў справаздачы.

Сярод датычных да перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь Лабараторыя гуманітарных даследаванняў назвала беларускага паралімпійца і грамадскага дзеяча Аляксея Талая, ААТ “Беларуськалій”, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Паводле інфармацыі лабараторыі, дзяцей ніколі не перавозілі непасрэдна праз украінска-беларускую мяжу, заўсёды транзітам праз РФ.

“Больш за палову ўстаноў, у якіх утрымліваліся ўкраінскія дзеці, займаліся перавыхаваннем, вайсковай падрыхтоўкай або нявысветленай медычнай дзейнасцю, — адзначана ў дакуменце. — У 8 з 13 месцаў у Беларусі, куды прывозілі дзяцей, не менш за 9 груп падвяргаліся перавыхаванню. <…> Не менш за 6 груп дзяцей <…> праходзілі вайсковую падрыхтоўку ў Беларусі, у тым ліку ва ўнутраных войсках Беларусі”.

Сама меней 3 групы дзяцей знаходзіліся ў медустановах Беларусі з сакавіка 2022 года па красавік 2023-га ў сувязі з “меркаваным лячэннем і так званай “рэабілітацыяй” афіцыйнымі прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі”.

Колькасць перамешчаных украінскіх дзяцей, якія засталіся ў Беларусі, невядома. Нягледзячы на “бяздоказныя сцвярджэнні” ўдзельнікаў схемы пра тое, што ўсе яны былі вернутыя, лабараторыя не змагла знайсці “паслядоўных і пацвярджальных звестак” на гэты конт.

Сёлета 17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.

Беларускія дэмсілы дамагаюцца таго ж у дачыненні да Лукашэнкі. 13 верасня Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю з заклікам да МКС разгледзець магчымасць выдаць ордар на яго арышт.

Амерыканская некамерцыйная арганізацыя “Абсерваторыя канфліктаў” заснаваная ў траўні 2022 года фактычна з ініцыятывы Бюро канфліктаў і стабілізацыйных аперацый Дзярждэпартамента ЗША. Яе ядро складаецца са згаданай лабараторыі, а таксама шэрагу іншых арганізацый і ініцыятыў, якія спецыялізуюцца сярод іншага на вырабе і аналізе спадарожнікавых здымкаў і іншых даных.

Гл. таксама:

НАУ перадало суду ў Гаазе новыя матэрыялы пра датычнасць Лукашэнкі да перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей

Падзяліцца: