Мінск 07:30

Лукашэнка прызначыў выбары ў абедзве палаты Нацсходу і мясцовыя саветы (дапоўнена)

Фота: БелаПАН

20 лістапада, Позірк. Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовыя саветы дэпутатаў 29-га склікання пройдуць у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года, у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу восьмага склікання — 4 красавіка 2024 года. Пра гэта паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі са спасылкай на падпісаныя ім 20 лістапада ўказы “Аб прызначэнні выбараў дэпутатаў” і “Аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазней за 21 сакавіка 2024 года.

“Цэнтрвыбаркаму, дзяржаўным органам, іншым арганізацыям даручаецца прыняць меры па арганізацыі выбараў, а ўраду — забяспечыць фінансаванне расходаў на іх падрыхтоўку і правядзенне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту”, — гаворыцца ў паведамленні.

У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі адбудуцца аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы.

Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладваць у інтэрнэт запоўнены бланк бюлетэня — як падчас датэрміновага галасавання, так і ў дзень выбараў. За парушэнне гэтага патрабавання пагражае адміністрацыйная адказнасць. Тым самым улады імкнуцца пазбегнуць паўтарэння сцэнара на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, калі грамадзяне фатаграфавалі ў кабінах для галасавання бюлетэні і адпраўлялі на платформу “Голас”, што сярод іншага дало апазіцыі падставы казаць пра фальсіфікацыю рэжымам вынікаў волевыяўлення.

17 верасня старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка, гаворачы аб назіранні за выбарамі, заявіў, што Бюро па дэмакратыі і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) “не мае нейкіх адзіных стандартаў адносна ацэнкі выбараў”, а выкарыстоўвае “розныя рэкамендацыі ў разрэзе той ці іншай краіны”, якія адрозніваюцца: “Гэтыя механізмы, на жаль, дэстабілізуюць абстаноўку ў некаторых краінах падчас электаральнай кампаніі. Мы маем намер прыцягваць і такія арганізацыі, як ШАС, БРІКС, АДКБ, якія таксама могуць выпрацаваць падыходы для ацэнкі электаральных працэсаў у краінах-удзельніцах”.

25 верасня падчас прызначэння новых чыноўнікаў Лукашэнка зазначыў, што Беларусь чакаюць “буйныя электаральныя кампаніі”, таму “ідэалагічны складнік мае першараднае значэнне”.

“Працуйце, думайце, хто будзе прадстаўляць вас у парламенце, Усебеларускім народным сходзе, — цытавала Лукашэнку яго прэс-служба. — Мы абсалютна не хаваем тое, што мы кагосьці будзем падтрымліваць. Гэта зразумела. Калі б мы зараз, ведаеце, такімі цнатлівымі сябе ўяўлялі, з нас бы проста смяяліся”.

Паводле яго слоў, “катэгарычна нельга” праводзіць выбары так, як “нас увесь час амерыканцы вучылі”: “Уратуй нас бог так праводзіць яе (электаральную кампанію. — “Позірк”.) па пошце асабліва.” І калі б мы так праводзілі, нас бы — цяпер не, а раней — з зямлі сцерлі”.

З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.

Верхняя палата парламента — Савет Рэспублікі — пачала сваю працу 13 студзеня 1997 года. З’яўляецца рэгіянальным прадстаўнічым органам, які складаецца з 64 членаў (мясцовыя Саветы абіраюць 56 “сенатараў” — па восем ад кожнай вобласці і горада Мінска; яшчэ восем прызначае Лукашэнка).

Палата прадстаўнікоў складаецца са 110 дэпутатаў (абранне ажыццяўляецца па мажарытарнай сістэме).

Гл. таксама:

Для белорусских властей выборы превращаются в военную кампанию (на рускай мове)

Режим и его оппоненты готовятся проводить выборы в параллельных мирах (на рускай мове)

Крэмль паспрабуе прасунуць сваіх прыхільнікаў на выбарах-2024 у Беларусі, каб пасля адхіліць Лукашэнку — Латушка

Падзяліцца: