Мінск 17:45

У гадавіну смерці Макея МЗС назваў яго “сапраўдным патрыётам”

Фота: МЗС Беларусі

26 лістапада, Позірк. “Сапраўдным патрыётам, выбітным дыпламатам і дзяржаўным дзеячам, апорай беларускай дыпламатычнай сям’і” назвала Міністэрства замежных спраў свайго былога кіраўніка Уладзіміра Макея, які памёр год таму ў Мінску.

У заяве, апублікаванай прэс-службай МЗС, адзначаецца, што уласцівыя экс-міністру “пачуццё абавязку, прыродная сумленнасць, чэпкі розум, прынцыповасць і прыстойнасць набылі яму заслужаныя прызнанне і павагу не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі”.

“Аб спадчыне Макея памятаюць, кажуць, паважаюць і імкнуцца працягнуць”, — сцвярджаецца ў паведамленні.

Макей памёр 26 лістапада ва ўзросце 64 гадоў. Пахаваны 29 лістапада на Усходніх могілках у Мінску. Пра прычыны смерці афіцыйна не паведамлялася. Паводле адной з версій, кіраўнік МЗС учыніў суіцыд.

У 1980 годзе Макей скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (цяпер Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт), у 1993-м — Дыпламатычную акадэмію МЗС Аўстрыі.

У тым жа годзе прыйшоў у МЗС, працаваў на пасадзе трэцяга сакратара ўпраўлення інфармацыі і гуманітарнага супрацоўніцтва, другога сакратара аддзела аналізу і прагназавання, другога сакратара сакратарыята міністра (1993–1995), намесніка начальніка службы пратакола (1995–1996), прадстаўніка Беларусі пры Савеце Еўропы, дарадцы пасольства ў Францыі (1996–1999), начальніка ўпраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва (1999–2000).

У 2000–2008 гадах быў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі, у 2008–2012 гадах — узначальваў Адміністрацыю прэзідэнта.

22 жніўня 2012 года Лукашэнка прызначыў яго міністрам замежных спраў.

Гл. таксама:

Макей быў моцным дыпламатам, але спраўна служыў дыктатуры (на рускай мове)

Карбалевіч: Сыход Макея сімвалічны — гэта канец эпохі, калі Беларусь спрабавала балансаваць паміж Расіяй і Захадам

Прадстаўнік АПК і былы супрацоўнік МЗС Кавалеўскі: Макей запомніцца тым, як служыў дыктатуры і здрадзіў народу

Падзяліцца: