Мінск 01:52

Карпенка: Мы як бы не супраць АБСЕ, але праводзім выбары ў першую чаргу для сябе

Фота: БелаПАН

26 лістапада, Позірк. Цэнтральная выбарчая камісія разглядае міжнароднае назіранне “як форму зносін, узаемадзеяння экспертаў і прафесіяналаў у гэтай галіне”, у той час як Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) аддае перавагу не бачыць шэраг лакальных канфліктаў, “замоўчваючы істотныя прычынна-выніковыя сувязі тых ці іншых з іх”. Такую заяву зрабіў у эфіры АНТ старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка.

На думку чыноўніка, гэта вельмі важна з пункту гледжання “далейшага развіцця і дзяржаўнага будаўніцтва і ў цэлым выбарчай сістэмы”.

“Плануем запрасіць прадстаўнікоў Цэнтрвыбаркамаў краін СНД, — удакладніў Карпенка, маючы на ўвазе назіранне ў адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года. — Таксама калег з Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Паўднёвай Карэі. Асацыяцыя гэта аб’ядноўвае каля 111 краін свету, штогод праходзяць кангрэсы гэтай арганізацыі, і мы там актыўна ўдзельнічаем. Астатнія суб’екты маюць права запрасіць тых, каго яны лічаць патрэбным, у тым ліку місіі”.

Гаворачы аб верагоднасці прысутнасці місіі наглядальнікаў АБСЕ, кіраўнік ЦВК адзначыў, што “мы як бы не супраць гэтай арганізацыі, знаходзімся ў ёй, узаемадзейнічаем”, аднак пры гэтым не раз узнімалася пытанне, што “трэба выпрацаваць нейкія адзіныя стандарты, якія б прымяняліся ўсюды аднолькава”.

“Так атрымліваецца, што суверэнітэт некаторых абавязкова трэба забяспечваць, а ў некаторых дзяржаў можна таптаць гэты суверэнітэт, нахабна ўмешваючыся ва ўнутраныя справы. Гэта недапушчальна. Мы павінны разумець, што выбары мы праводзім у першую чаргу для сябе, і задача ЦВК — стварыць умовы для таго, каб выбаршчык, народ, які з’яўляецца крыніцай улады <…>, мог свабодна прыйсці на выбарчыя ўчасткі і зрабіць свядомы выбар на карысць таго, ці іншага дэпутата”, — падсумаваў Карпенка.

У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя рады. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага.

Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладваць у інтэрнэт запоўнены бланк бюлетэня — як падчас датэрміновага галасавання, так і ў дзень выбараў. За парушэнне гэтага патрабавання пагражае адміністрацыйная адказнасць.

З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.

Падзяліцца: