Мінск 15:09

Экс-амбасадар Польшчы ў Беларусі Міхальскі стаў упаўнаважаным па супрацоўніцтве з беларускімі дэмсіламі

12 верасня,Позірк. Польскі дыпламат Артур Міхальскі, які займаў пасаду амбасадара ў Беларусі з 15 траўня 2018 года па 31 жніўня 2023 года, прызначаны ўпаўнаважаным Міністэрства замежных спраў па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

У гэтай якасці дыпламат цяпер прадстаўляецца на сваёй афіцыйнай старонцы ў “Твітары”.

З прызначэннем на пасаду Міхальскага ўжо павіншаваў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. “Я ўдзячны за тое, што вы ўжо зрабілі для беларусаў, і ўпэўнены, што мы зможам дасягнуць большага, каб зрабіць Беларусь свабоднай еўрапейскай краінай”, — адзначыў ён.

Міхальскі пакінуў Беларусь у кастрычніку 2020 года, пасольства Польшчы да завяршэння яго кадэнцыі ўзначальваў часовы павераны.

Пасада ўпаўнаважанага па супрацоўніцтве з беларускімі дэмсіламі ўведзена загадам міністра замежных спраў Польшчы № 17 ад 29 жніўня, які набыў моц 1 верасня.

Згодна з гэтым дакументам, на ўпаўнаважанага ўскладаюцца задачы па “маніторынгу актыўнасці прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазіцыі, што знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, а таксама за мяжой”, удзелу ў “асобных нацыянальных і міжнародных мерапрыемствах, прысвечаных беларускай праблематыцы”, дапамозе ў арганізацыі “візітаў афіцыйных замежных прадстаўнікоў беларускай апазіцыі і сустрэч высокага ўзроўню з прадстаўнікамі ўладаў Польшчы”.

Упаўнаважаны павінен даваць рэкамендацыі па дзейнасці МЗС і прапаноўваць ініцыятывы ў галіне супрацоўніцтва з дэмсіламі Беларусі, у тым ліку ў плане “садзейнічання ахвярам рэпрэсій беларускага рэжыму і іх абароне” на тэрыторыі Польшчы. Ён таксама павінен дапамагаць МЗС узаемадзейнічаць з іншымі органамі ўлады і няўрадавымі арганізацыямі ў галіне супрацоўніцтва з беларускімі дэмсіламі.

Падзяліцца: