Мінск 23:36

Лукашэнка заклікаў да пошуку “гістарычнага кампрамісу” дзеля стварэння “Дзяржавы Палестына”

Будынак на вул. Чырвонаармейскай, 22А ў Мінску, дзе размешчана амбасада Палестыны. Належыць галоўнаму ўпраўленню па абслугоўванні дыпламатычнага корпуса і афіцыйных дэлегацый "Дыпсэрвіс"
Фота: dipservice.by

29 лістапада, Позірк. Да пошуку “гістарычнага кампрамісу дзеля стварэння Дзяржавы Палестына” заклікаў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні прэзідэнту Палестыны Махмуду Абасу з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з палестынскім народам.

Гэты дзень быў заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН у 1977 годзе і адзначаецца 29 лістапада — у дзень прыняцця ёю ў 1947 годзе рэзалюцыі аб падзеле Палестыны.

Сёлета дата супала з шостым днём спынення агню ў палестына-ізраільскім узброеным супрацьстаянні, якое абвастрылася 7 кастрычніка, калі на тэрыторыю Ізраіля з сектара Газа ўварваліся баевікі ваеннага крыла палестынскага руху ХАМАС.

Паводле апошніх звестак, у выніку тэрарыстычнага нападу ў Ізраілі загінула каля 1,4 тыс. чалавек з 37 краін, у тым ліку трое грамадзян Беларусі; пацярпела 7,3 тыс. чалавек.

Колькасць загінулых у сектары Газа ў выніку распачатай ізраільскай ваеннай аперацыі, паводле даных Міністэрства аховы здароўя гэтага палестынскага анклава, дасягнула 14,9 тыс., каля 7 тыс. жыхароў сектара прапалі без вестак, паранена каля 36 тыс. чалавек. Згодна са звесткамі ААН, каля 1,7 млн жыхароў сектара былі вымушаныя пакінуць свае дамы.

З Каіра ў Мінск вечарам 16 лістапада прыбыў самалёт “Белавія”, на якім, паводле афіцыйных звестак, знаходзілася больш за 40 эвакуіраваных з Газы беларускіх грамадзян і членаў іх сем’яў. 6 лістапада “Белавія” вывезла 117 беларускіх грамадзян з Ізраіля. Мяркуючы па выказваннях беларускіх чыноўнікаў, з Газы эвакуіравалі бясплатна, з Ізраіля — за грошы.

Падчас перамір’я паміж Арміяй абароны Ізраіля і рухам ХАМАС адбываецца абмен захопленых 7 кастрычніка ў Ізраілі закладнікаў у абмен на палестынскіх зняволеных (жанчын і непаўналетніх), якія знаходзяцца ў ізраільскіх турмах.

24 лістапада міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік падчас сустрэчы з амбасадарам Палестыны Ахмедам Махамед аль-Мадбухам заявіў аб “паслядоўнай пазіцыі Беларусі па блізкаўсходнім урэгуляванні”, а таксама “адзінай пазіцыі дзяржаў — членаў АДКБ адносна неабходнасці спынення кровапраліцця і мірнага вырашэння блізкаўсходняга канфлікту дыпламатычнымі сродкамі на аснове рэзалюцый ААН шляхам стварэння дзвюх дзяржаў для двух народаў”.

Аляксандр Лукашэнка наведваў Ізраіль і Палестыну ў студзені 2000 года.

Гл. таксама па тэме:

Кровавый кошмар в Израиле. Минск “обеспокоен”, пропаганда вполголоса подхватила кремлевские мотивы (на рускай мове)

Падзяліцца: