Мінск 15:10

Лукашэнка дзявяты раз наведае ААЭ

Дубай Фота: pixabay.com

29 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 29 лістапада накіраваўся з працоўным візітам у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, паведаміла яго прэс-служба.

Гэта дзявяты візіт Лукашэнкі ў згаданую арабскую краіну, якую ён наведваў з дзяржаўнымі візітамі ў 2000 і 2007 гадах, з працоўнымі — у 2013, 2014, 2016, 2017, 2019 і 2023 гадах. Сёлета ў лютым ён сустракаўся ў Абу-Дабі з прэзідэнтам ААЭ шэйхам Мухамедам Бэн Заідам аль-Нахаянам.

Паведамляецца, што Лукашэнка прыме ўдзел у Сусветным саміце па барацьбе са зменай клімату пад эгідай ААН, дзе “агучыць падыходы і прапановы Беларусі па рашэнні глабальных пытанняў кліматычнай і экалагічнай бяспекі”, а таксама “правядзе шэраг сустрэч і перамоваў” на палях мерапрыемства.

28-я канферэнцыя бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату адбудзецца ў Дубаі з 30 лістапада па 12 снежня. Паводле інфармацыі Euronews, чакаецца ўдзел у мерапрыемстве генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша, Папы Рымскага Францыска, а таксама сусветных лідараў, кіраўнікоў профільных міністэрстваў і іншых афіцыйных асоб са 198 краін, усяго каля 70 тыс. дэлегатаў. Саміт абяцае стаць найбуйнейшай у гісторыі кліматычнай канферэнцыяй.

Падзяліцца: