Мінск 12:45

Расія і Беларусь рэалізавалі больш за 90% “інтэграцыйных мерапрыемстваў” — прэм’ер-міністр РФ Мішусцін

Фота: duma.gov.ru

29 лістапада, Позірк. Масква і Мінск выканалі больш за 90% “інтэграцыйных мерапрыемстваў”, заявіў прэм’ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін 29 лістапада ў Маскве на пасяджэнні Саўміна Саюзнай дзяржавы.

Усяго такіх мерапрыемстваў рэалізавана 990, удакладніў прэм’ер.

“Сёння мы знаходзімся на адказным этапе — набліжаецца да завяршэння работа над асноўнымі напрамкамі рэалізацыі палажэнняў дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і 28 галіновымі саюзнымі праграмамі. Нам трэба будзе вызначыць і новыя арыенціры на перспектыву 2024–2026 гадоў”, — цытуе Мішусціна ТАСС.

Паводле слоў кіраўніка ўрада РФ, паміж дзвюма дзяржавамі “закладзена аснова для правядзення адзінай макраэканамічнай, прамысловай і аграрнай палітыкі, фарміравання агульнага транспартнага рынку і правілаў канкурэнцыі, прававой прасторы для бізнесу і нашых грамадзян, забеспячэння роўных магчымасцяў для спажыўцоў”.

Усяго, адзначыў Мішусцін, падрыхтавана 200 нарматыўных актаў, з іх прынята каля 140.

Ён адзначыў, што “інтэграцыйнае ўзаемадзеянне” Расіі і Беларусі працягвае развівацца. “Разам паслядоўна дасягаем мэтаў, якія паставілі перад намі прэзідэнты — Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін і Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Перш за ўсё, па ўмацаванні прамых кантактаў і сувязяў людзей і кампаній, прадпрыемстваў нашых краін”, — рэзюмаваў расійскі прэм’ер.

26 верасня ў выступе на стратэгічнай сесіі “Аб развіцці гуманітарнага ўзаемадзеяння з Беларуссю” Мішусцін заклікаў паскорыць “паскорыць інтэграцыйныя працэсы” ў Саюзнай дзяржаве.

Паводле яго слоў, гэта павінна стаць адказам на “санкцыйную вайну, незаконныя гандлёва-эканамічныя абмежаванні і магутны інфармацыйны ціск з боку калектыўнага Захаду”.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дагавор аб саюзе Беларусі і Расіі. 23 мая 1997 года быў прыняты статут Саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які ўступіў у сілу 26 студзеня 2000 года.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які займаў на той момант пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў максімальнае збліжэнне дзвюх краін з далейшай падтрымкай Мінска з боку Масквы.

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ў лістападзе 2021 года Лукашэнка і Пуцін падпісалі дэкрэт, якім зацвердзілі 28 саюзных праграм інтэграцыі. З тых часоў беларускія і расійскія чыноўнікі рэгулярна даюць справаздачу аб паспяховым выкананні гэтых дакументаў.

Падзяліцца: