Мінск 09:15

Беларускія пагранічнікі канфіскавалі каля 330 кг іранскага гераіну, які планавалася пераправіць у Вялікабрытанію

25 верасня, Позірк. Супрацоўнікі аператыўных падраздзяленняў пагранслужбы канфіскавалі каля 330 кг гераіну, упакаванага ў скрыні з-пад соку, які быў схаваны на адным са складоў Мінска, паведаміла 25 верасня прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, наркотыкі былі выяўленыя падчас “міжнароднай аперацыі па спыненні канала наркатрафіку па маршруце Іран — Расія — Беларусь — Вялікабрытанія” пры садзейнічанні беларускіх мытнікаў і пагранслужбы ФСБ РФ.

Беларускія пагранічнікі правялі “аператыўную камбінацыю”, у выніку якой у краіну прыбылі члены арганізаванай злачыннай групы — “з мэтай транспартавання гераіну ў Еўропу”.

У выніку аперацыі затрыманыя чацвёра грамадзян Турцыі і адзін грамадзянін Беларусі, якім, паводле інфармацыі ведамства, пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі “за арганізацыю міжнароднага канала наркатрафіку”.

Падзяліцца: