Мінск 00:20

Ціханоўская заклікала выказаць нязгоду з будучым “выбарчым фарсам”

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

1 снежня, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская звярнулася ў сваім ютуб-канале да беларусаў з нагоды выбараў у 2024 годзе і заклікала іх “не даць падмануць сябе і выказаць нязгоду з выбарчым фарсам”.

На яе думку, ні беларусы, ні міжнародная супольнасць не прызнаюць вынікі будучых выбараў.

Падкрэсліўшы, што “ва ўмовах тэрору бяспечных спосабаў супраціву амаль не засталося”, яна заклікала пазбягаць удзелу “ў любых рэжымных мерапрыемствах”, не заахвочваць да гэтага іншых, “выкарыстоўваць незалежныя медыя для атрымання праўдзівай інфармацыі”, карыстаючыся VPN і прыбіраючы “лічбавыя сляды”, не дазваляць рэжыму падмануць сябе, блізкіх і сяброў, тлумачыць ім, чаму тое, што абвясціў Лукашэнка, — “гэта безвыбары”.

Палітык папрасіла збіраць доказы злачынстваў рэжыму і яго памагатых, “якія павінны ведаць, што панясуць адказнасць за свае дзеянні: запісваць імёны, перадаваць незалежным медыя і ініцыятывам”.

Таксака яна рэкамендавала выкарыстоўваць “сродкі творчага самавыражэння”: музыку, кіно, мастацтва, сатыру і іронію. “Нават размова на беларускай мове можа быць спосабам выражэння нязгоды. Далучайцеся да працы дэмакратычных сілаў і ўмацоўвайце сваё кола аднадумцаў. Памятайце, кожнае ваша слова і дзеянне мае значэнне і набліжае нас да перамогі”, — сказала Ціханоўская.

У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасля яго адбудзецца першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу ў новым статуце.

Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладваць у інтэрнэт запоўнены бланк бюлетэня — як падчас датэрміновага галасавання, так і ў дзень выбараў. За парушэнне гэтага патрабавання пагражае адміністрацыйная адказнасць.

У 2020 годзе на прэзідэнцкіх выбарах многія выбаршчыкі фатаграфавалі свае бюлетэні і адпраўлялі на электронную платформу “Голас”, што стала адным са сведчанняў фальсіфікацыі ўладамі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.

З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.

Падзяліцца: