Мінск 01:43

Дэмсілам трэба дамовіцца і выступіць з адзінай стратэгіяй вызвалення палітвязняў — Гарбунова

Кадр з відэатрансляцыі слуханняў КР

2 снежня, Позірк. Перш чым крытыкаваць за недагавораздольнасць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, дэмсілам трэба дамовіцца паміж сабой і выступіць з адзінай стратэгіяй вызвалення палітвязняў, “не абвінавачваючы апанентаў у здрадзе агульным інтарэсам”. Такое меркаванне выказала 2 снежня ў Варшаве прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова.

Палітык выказала гэтую думку, падводзячы вынікі першага дня слуханняў Каардынацыйнай рады (КР), прысвечаных падыходам да вызвалення палітвязняў і выпрацоўцы агульнай стратэгіі дэмсіл па гэтым пытанні.

“Калі мы лічым сябе дэмакратамі, то павінны слухаць і ўспрымаць пазіцыю апанентаў”, — падкрэсліла яна.

Той факт, што падобная дыскусія не адбылася раней, Гарбунова звязала з “вялікай колькасцю міфаў і стэрэатыпаў і нейкім інэрцыйным рухам”, калі абмеркавання пытання палітвязняў “пазбягалі з прычыны адсутнасці вынікаў і стратэгіі дзеянняў”. На яе думку, людзям не хацелася “сутыкацца з пастаянным пачуццём віны і сораму” праз немагчымасць змяніць сітуацыю, таму “гэтую тэму было прасцей ігнараваць і замоўчваць”.

Слуханні працягнуцца 3 снежня, па выніках плануецца прыняць тэматычную рэзалюцыю КР.

Падзяліцца: